Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец -1° Астравец
Грамадства
Вілейка
5.10.2017 13:13 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

На “Доме-2” кахання не знайшоў: віляйчанін – пра мадэльны бізнес і пра ўдзел у ток-шоу

Калі ў 2007 годзе вілейскі адзінаццацікласнік Аляксандр Коршыкаў заканчваў родную школу №3, першакласнікі зрабілі для выпускнікоў гульню-прадказанне. Выцягнуўшы скручаную паперку, хлопец прачытаў “Ты з’явішся на вокладцы часопіса”.

Дзіцячая гульня нібы прадвызначыла жыццёвы шлях віляйчаніна. Не, Аляксандр не кінуўся адразу на акцёрскі факультэт. Выбар будучай прафесіі быў даволі прагматычны. Хлопцу падабаліся навукі, асабліва хімія. Хацелася праявіць сябе менавіта ў ёй.

Таму добра здаўшы тэставанне, Аляксандр паступіў у БДТУ на факультэт хімічнай тэхналогіі і тэхнікі. Мама Сашы працавала інжынерам і была задаволеная, што сын працягне справу. Са свайго класа хлопец толькі адзін паступіў у ВНУ на бюджэтнае аддзяленне.

У Вілейцы не бачыў перспектыў

Заставацца ў Вілейцы і вяртацца туды пасля вучобы Саша не планаваў. Словы “У сталіцу!” былі як хваля, як брэнд паспяховасці. Мінск віляйчанін успрымаў як старт на бегавой дарожцы.

У родным горадзе малады чалавек не бачыў перспектывы для таго, каб атрымаць добрую адукацыю і працу. Хаця Вілейку ў нашай размове субяседнік згадваў цёпла.

– Наша сям’я жыла ў Вілейцы ля малаказавода, – прыгадвае Саша. – Дзядуля быў дырэктарам гэтага прадпрыемства і побач пабудаваў дом для сваіх дзяцей і ўнукаў. Тут заўсёды раслі кветкі, якімі займалася і цяпер займаецца мама.

Вілейскае дзяцінства Аляксандра прайшло ў хлапечых гульнях, вынаходніцтве розных небяспечных хлапушак-дымавух.

Зімой былі лыжы і санкі. Летам – рыбалка на Вілейскім вадасховішчы, пакатушкі на ровары, потым – мапедзе, а яшчэ пазней – на матацыкле:

– У 16 год мне бацькі набылі матацыкл “Ява” колеру “хамелеон”, – успамінае Саша. – Ён быў адзін з самых класных у Вілейцы. У 16 год я здаў на правы на катэгорыю “А” і на матацыкле вазіў дзяўчат на дыскатэку.

Мама чакала ад сына ўздыму па кар’ернай лесвіцы

Першыя два гады студэнцтва, па словах мужчыны, былі асабліва цяжкімі. Хімію я любіў, прыгадвае Саша, а вось да вышэйшай матэматыкі любові не было зусім.

Тым не менш, віляйчанін скончыў ВНУ і па размеркаванні трапіў на адно з мінскіх прадпрыемстваў. Працаваў там інжынерам, “прасоўваў” у калектыве розныя спартыўныя мерапрыемствы, бо спорт любіў заўсёды, яшчэ са школы.

– Мама чакала ад мяне ўздыму па кар’ернай лесвіцы, – прызнаецца мой суразмоўца.

І сапраўды, за два гады маладому інжынеру не раз прапаноўвалі добрыя пасады. Але тут Саша адчуў, што трэба нешта мяняць. І… сышоў у мадэлі.

Мадэльным бізнесам мой субяседнік зацікавіўся яшчэ тады, калі быў студэнтам-першакурснікам.  У 18 год некалькі месяцаў навучаўся на мадэльных курсах у педагагічным універсітэце ў Мінску. Тут вучыўся хадзіць па подыуму, трымаць добрую асанку.

На самым пачатку Аляксандр гэтым не зарабляў. Шукаў цікавыя праекты, якіх магло быць да дзесяці на месяц, і крэатыўных фатографаў. Вялікіх кантрактаў з мадэльнымі агенцтвамі і школамі не заключаў.

За час здымак напрацаваў сабе добрае партфоліа – набор прафесійных здымкаў мадэлі ў розных ракурсах. Былі фоткі на вуліцы і ў памяшканні, на пляжы і спартыўнай зале.

Па словах Аляксандра, добра калі на такіх фотаздымках мужчына паказвае торс, калі адлюстроўваюцца пачуцці і эмоцыі. Партфоліа Аляксандр лічыць пропускам у мадэльны бізнес.

Бацькі яшчэ не вызначыліся, як адносіцца да заняткаў 28-гадовага сына. Напачатку ўвогуле не разумелі яго. Гэта іншыя людзі, пакаленне з іншым мысленнем, перакананы Аляксандр. Па словах Сашы, бацькі больш чым ён сам, заклапочаныя яго будучыняй.

Сына бачаць рэдка. У асноўным размаўляюць па скайпу. Сёння больш менш атрымалася прыйсці да паразумення.

Бяруць і лысых, і барадатых, і худых

– Ці ёсць нейкі асабліва папулярны тыпаж мадэлі? – пытаюся ў Аляксандра.

– Гэты тыпаж цяжка вызначыць. Цепер свет такі разнастайны. На подыуме не любяць сумных, а любяць неардынарных. Таму тут вітаюцца абсалютна розныя  людзі: з барадой, з татуіроўкамі, лысыя, дыстрафічна худыя, людзі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. На фотаздымкі любых мадэляў можна знайсці попыт.

Дзяўчатам, па словах Аляксандра, у мадэльным бізнесе крыху лягчэй. Іх больш здымаюць: прыгажуні рэкламуюць аўтамабілі, пазіруюць на выставах, іх часцей здымаюць для вокладак часопісаў. Аднак сярод мужчын-мадэляў меншая канкурэнцыя.

Багаты “спіс” здымак і ў Аляксандра. Яго здымалі для брэндаў беларускага і замежнага адзення, для буйнога гандлёвага цэнтра ў Мінску і прадпрыемства пасцельнай бялізны, для сеткі гатэляў і фірмы беларускага трыкатажнага адзення, часопісаў. Білборды з яго тварам вісяць па ўсёй Беларусі.

І не толькі. Неяк сябар, які быў у Сібіры, расказаў Сашу, што бачыў яго там на білбордах і часопісе. Гэта былі здымкі для ювелірнай кампаніі.

Перад здымкамі ў праграме “Дом 2” Саша працаваў у Інданэзіі. Для рэкламы буйной чайнай кампаніі лётаў над хвалямі на флайбордзе – спецыяльнай дошцы, якая рухалася дзякуючы магутнай плыні вады.

Быў невялікі досвед здымак у серыял “Вяртанне Мухтара”.

З касметыкі – зубная паста і мыла

– З вашай працай вельмі важная добрая спартыўная форма. Як падтрымліваеце яе?

– Спорт любіў з дзяцінства. Добрымі спартсменамі заўсёды былі бацькі. Мама займалася лёгкай атлетыкай, тата – тым, што цяжэй.

Вучням Саша выступаў на розных спаборніцтвах за трэцюю школу і за горад. Па словах мужчыны, на той час спартсменаў у школе рыхтавалі не вельмі добра, таму нейкіх поспехаў дасягаў дзякуючы ўласнай працы.

Займаўся рознымі відамі спорту. Найбольш доўга пратрымаўся ў дзюдо, армрэслінгу і самба. Па ўсіх трох відах удзельнічаў у чэмпіянатах рэспублікі.

Зараз для заняткаў спортам Саша не ходзіць у спартыўную залу. Займаецца бегам, адцісканнем, ёгай. Плануе нават сысці з мадэльнага бізнесу, арганізаваць цэнтр навучання ёгі і выкладаць там і спорт, і псіхалогію, і філасофію.

– А дэкаратыўная касметыка мужчыну-мадэлі патрэбная?

– Ведаю, што многія карыстаюцца ёй. Для мяне касметыка – гэта толькі крэм пасля галення, зубная паста і мыла. Часам лак для валосоў, бо цяпер у мяне доўгая прычоска.

У адзенні Аляксандр не гоніцца за модай. Любіць тое, што зручна. Паважае класіку, часам спартыўны стыль.

Цяпер спрабуе сябе ў простай ежы, вегетарыянстве. Хачу зліцца з прыродай, кажа мой субяседнік. Вакол нас усё зялёнае, значыць і есці трэба тое, што зялёнага колеру.

На “Доме-2” паводзіў сябе не так, як чакалі

Месяц таму Аляксандр Коршыкаў вярнуўся з Масквы, са здымак праграмы “Дом-2”.

Паўдзельнічаць яму прапаноўвалі яшчэ паўтара года таму. Але тады было шмат іншых спраў, прызнаецца Саша.

Ды не так даўно прадюсар з Кіева ізноў знайшоў майго субяседніка і прапанаваў паўдзельнічаць. На гэты раз Аляксандр палічыў, што калі жыццё прапануе нейкія змены – значыць гэта знак. Паслухаў уласную інтуіцыю і пагадзіўся.

Яму купілі білет і, пакінуўшы працу ў Інданэзіі, Саша апынуўся ў Маскве. Дарэчы, першы раз на такі працяглы тэрмін.

Тыдзень Саша быў на тэлеканале ТНТ. Кажа, шмат пісалі сябры. Прычым рэакцыя ў іх была розная. Нехта ледзь не зайздросціў, што Аляксандр трапіў на такую крутую праграму, а нехта не разумеў, як ён мог так “апусціцца”.

Асаблівага негатыву на “Доме-2” Саша не адчуў. Так, тут не было асаблівай “духоўнасці”, але і такі досвед патрэбны, перакананы мой субяседнік.

Па словах Сашы, на праграме ён паводзіў сябе не так, як чакалі арганізатары. Не іграў “на камеру”, быў самім сабой. Можа, крыху нават саромеўся.

Любоўных адносін не завёў, бо не знайшоў там “свайго” чалавека, прызнаўся Аляксандр.

Фотаздымкі забяспечаныя Аляксандрам Коршыкавым.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце