Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Грамадства
Мядзел
6.10.2017 16:58 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Драўляная вышыванка? Лёгка! Разьбяр з Купы распавёў пра скульптуру, арнамент і беларускасць

У Томску

У Томску.

Бацькі назвалі хлопчыка Юрасём. А як жа! Нарадзіўся ў красавіку 1961 года, калі паляцеў у космас Юры Гагарын.

Але касманаўтам  сын не стаў. Таму сёння на Мядзельшчыне працуе разьбяр па дрэве Юрась Камандзірчык.

Курортны пасёлак Нарач – не родная мясціна мастака. Сам ён са Спярыжжа, што на Брагіншчыне. На Мядзельшчыну з’ехалі з сям’ёй з Мазыра ў 1989 годзе.

– Падумалася: хай дзеткі гадуюцца на чыстым паветры, – кажа Юрась. – З 1990-ых мядзельская зямля прытуліла нас.

Талент разьбяра – ад бацькі-рыбака 

Бацька Юрася быў добрым рыбаком. З лазы, дубчыкаў плёў розныя рыбалоўныя прылады. Часам і нешта патрэбнае для гаспадаркі майстраваў. Магчыма, талент разбяра ў Юрася ад яго.

Упершыню працэс вырабу твораў з дрэва, а дакладней, на дрэве, будучы майстар пабачыў уВаронежы. Пасля заканчэння будаўнічага вучылішча ён тут працаваў.

Тады і пазнаёміўся з маладым хлопцам з Азербайджана Ніфталі. Ён вырабляў гравюры на фанеры.

Скульптурная кампазіцыя Песня пра зубра.

Скульптурная кампазіцыя Песня пра зубра.

Наступная сустрэча з мастацтвам была ў  войску. Тут саслужывец Васіль Лявіцкі  са Львоўшчыны выразаў з дрэва розныя сувеніры: птушак, звяроў.

Пасля войска Юрась давучыўся ў будаўнічым тэхнікуме, але “душа хацела рэзаць”, прыгадвае майстар. Таму і паступіў у кобрынскае мастацкае вучылішча на разьбяра па дрэве.

– Вучылішча было новае, – распавядае Юрась. – Наш выпуск быў трэцім.

Па словах майстра, там працавалі такія настаўнікі, якім без перабольшвання было цікава ўкласці душу ў вучняў. Навучалі кампазіцыі, лепцы, жывапісу.

Як разьбяра натхніў кераміст

Калі ўжо з сям’ёй Юрась жыў у Мазыры, пазнаёміўся з творчасцю кераміста Мікалая Пушкара. Кажа, вельмі захапіла яго творчая манера кераміста.

У кераміцы мастак перадаваў звыклыя сцэнкі з народнага жыцця. Я якраз тады шукаў свой шлях у разьбе, прыгадвае Юрась. Вось нешта падобнае і пачаў рабіць з дрэва ў натуральную велічыню. Сцэны з народнага жыцця заўсёды будуць цікавіць людзей, перакананы творца.

Сюжэты будучых драўляных скульптурных кампазіцый Юрась малюе графічна. Але прасцей праляпіць іх у пластыліне, укласці душу ў пластыку, прызнацца майстар.

Скульптуры Юрася Камандзірчыка стаяць па ўсёй Беларусі.

Скульптуры Юрася Камандзірчыка стаяць па ўсёй Беларусі.

Рэзаць можна па любым дрэве, расказаў мой субяседнік. Пытанне толькі для чаго патрэбная дадзеная скульптура і дзе яна будзе стаяць.

– Вось усе хваляць ліпу, – кажа Юрась. – Аднак ліпа добрая для вырабаў, якія будуць стаяць пад дахам, выкарыстоўвацца ў хаце, а не на паветры і дажджы. Тут ліпа хутка згніе.

Сам майстар зараз працуе выключна з дубам. Аказваецца, дуб прапітаны хіцінам – спецыяльнымі прыроднымі валокнамі драўніны. Таму ад розых караедаў церпіць толькі верхні слой дрэва.

У той жа час, калі хочаш, каб драўляная скульптура стаяла доўга, варта паклапаціцца пра яе правільную ўстаноўку. Не трэба, каб твор сутыкаўся з зямлёй, лепш зрабіць падстаўку.

Свае вырабы Юрась апрацоўвае спецыяльнымі рэчывамі на васкавой аснове, каб лепш захоўваліся. Аднак калі ёсць магчымасць, лічыць не лішнім зрабіць паддашак, каб менш траплялі ападкі.

Мядзельшчына прытуліла і раскрыла талент

Мядзельшчына – гэта зямля, якая не толькі прытуліла сям’ю Камандзірчыкаў, а ў поўнай меры раскрыла талент разьбяра. Адну з самых дарагіх сэрцу прац Юрась зрабіў тут.

Сюжэт навеены беларускімі народнымі казкамі. Адсюль і назва працы “Людзей слухай, а свой розум май”. Твор так удала пайшоў, што пасля аўтар рабіў яшчэ дзве копіі.

На сюжэт скульптуры “Галіна” натхніў паэт, ураджэнец  Мядзельшчыны Максім Танк, а менавіта яго паэма “Ля вогнішч начлежных”, створаная на аснове нарачанскіх легенд.

Вядомыя беларускія героі Вялес і Купалінка вітаюць наведнікаў гатэля “Нарач”. У дрэва іх увасобіў мой субяседнік.

Яшчэ працы Юрася Камандзірчыка стаяць у “Зубраняці”,  санаторыях “Журавачка” і “Белая Русь”, парку “Нарачанскі”. Знак “Мядзел” пры ўездзе ў горад – таксама яго праца. Некаторыя творы ёсць і ў Расіі.

Вось чаму мне ўяўлялася, што дом такога разьбяра павінны быць увесь застаўлены драўлянымі скульптурамі. Аднак тут Юрась вымушаны быў мяне расчараваць:

– А вы як журналіст дома сценгазету выпускаеце? – задаў лагічнае пытанне майстар.

І растлумачыў, што разьба па дрэве – для яго афіцыйная праца, крыніца прыбытку. Але гэта зусім не значыць, што ёй майстар павінен займацца дома.

Своеасаблівая візітоўка майстра – драўляныя рушнікі. Па словах Юрася, рушнік – назва вобразная. Бо драўляныя палотны і сапраўды падобныя да рушніка. Тым больш свае “рушнікі” майстар упрыгожвае “вышываным” а..

– Пераношу на дрэва тое, што вышывалі нашы бабулі, – кажа Юрась.

Арнамент абірае сур’ёзна. Чытае адпаведную літаратуру, ведае, што абазначае кожны сімвал у арнаменце на яго творах.

З конкурснай працай.

З конкурснай працай.

Вучняў у разьбяра пакуль няма. Каб мець вучняў, кажа Юрась, трэба стала працаваць на адным месцы. Праца ж майстра такая, што прыходзіцца ездзіць працаваць па розных мясцінах.

А на аб’ект вучняў з сабой не возьмеш. Любы заказчык хоча бачыць майстра з досведам. Праўда, на будучае ёсць думка ўзяць гурток  у мясцовай школе мастацтваў.

Да беларусчыны і не трэба было прыходзіць

Юрась – сябра Саюза майстроў, народны майстар Беларусі. А яшчэ выдатна размаўляе па-б

 Як Вы прыйшлі да беларусчыны? – пытаюся ў субяседніка.

– А мне і прыходзіць не трэба было, – кажа Юрась. – У вясковай школе на Брагіншчыне нас вучылі выключна па-беларуску. На роднай мове выкладалі ўсе прадметы: і фізіку, і геаметрыю. А яшчэ ў пэўны час сустрэўся з людзьмі, якія дапамаглі адказаць на пытанне “хто мы?”.

Сустрэча гэтая адбылася на Вілейшчыне ў 1988 годзе. Тут Юрась працаваў ў Даўгінаве. Неяк ехаў на машыне ў Вілейку і ўбачыў, як пры дарозе каля скульптуры Маці-парадзіхі  з высечаным немаўляткам на грудзях нешта капаюць невядомыя людзі.

Юрась падумаў: рабаўнікі. А аказалася – археолагі пад кіраўніцтвам Эдварда Зайкоўскага. Сустрэча і размовы з археолагамі шмат дала Юрасю для нацыянальнага самавызначэння.

А скульптуры той на Вілейшчыне ўжо няма. Па словах Юрася, яна зараз знаходзіцца ў нейкім сталічным музеі.

У канцы жніўня мядзельскі разьбяр Юрась Камандзірчык ездзіў у Томск на Свята сякеры. Цяпер у расійскім горадзе ёсць скульптура беларускага зубра, створаная нашым майстрам па матывах паэмы "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце