Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец +1° Астравец
Грамадства
14.10.2017 13:35 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Людзі на газонах і вершы на вуліцах: чым жыве сталіца Украіны

Шоу фантанаў на майдане Незалежнасці

Шоу фантанаў на майдане Незалежнасці.

Энергічны брэйк-данс, вершы ўслых і некалькі соцен чалавек на майдане. Гэта не масавае гулянне. Гэта звычайны вечар у Кіеве.

Вестку пра тое, што ў канцы верасня мы з калегамі ляцім ва Украіну, успрыняла з насцярожанасцю. А як жа? Еду ў такую не спакойную і не стабільную краіну. Там жа вайна! А ў мяне – сям’я ды двое малых дзяцей.

На трап самалёта падымацца было трывожна. Ці ад таго, што ляцела першы раз. Ці ад таго, што злятаю са стабільнай Беларусі.

У салоне побач сядзелі каларытныя іудзеі, якія ляцелі ў паломніцтва адзначаць свой Новы год. Перад дарогай яны гучна маліліся і спявалі свае песні. “Не хвалюйся, –  супакоіла  мяне калега, – бачыш, з намі палова самалёта божых людзей. Таму мы даляцім.”

Даляцелі. Аэрапорт “Барыспаль” сустрэў прыгожай украінскай мовай і натоўпам турыстаў.

Бабуля прадавала ў цэнтры Кіева восеньскія кветкі.

Бабуля прадавала ў цэнтры Кіева восеньскія кветкі.

Першае знаёмства з Украінай адбывалася праз акно маршруткі. Запомніўся неверагодна шырокі пасля беларускіх рэчак Дняпро, метро, якое месцамі ідзе на зямлі, а не пад зямлёй, і суцэльна ўкраінамоўныя шыльды на крамах і ўстановах.

Украінская кухня і трыццацігадовыя ветэраны

Наш гатэль месціўся ў цэнтры Кіева, на майдане Незалежнасці. Як нам пашанцавала з яго месцазнаходжаннем, зразумелі на працягу дня.

Па-першае, побач было шмат кавярняў з нацыянальнымі стравамі. Украінскі боршч з часночнымі пампушкамі, варэнікі з рознымі начынкамі (мне найбольш спадабаліся з вішняй), сала з часнаком.

Кранальная карцінка на Храшчаціку.

Кранальная карцінка на Храшчаціку.

І дзеруны або, як кажуць у нас, дранікі. Аказваецца, іх тут таксама любяць. Хаця, не. Паважаюць. Менавіта гэтым словам тут карыстаюцца ў адносінах да ежы.

Заўважыла, што ўкраінцы вельмі часта карыстаюцца кавярнямі. У які час не зойдзеш, аншлаг. Магчыма, таму, што ў Кіеве шмат бюджэтных варыянтаў, дзе рублі за тры-чатыры можна вельмі добра пад’есці.

А яшчэ рэстаранчыкі тут адчыняюць ветэраны антытэрарэстычнай аперацыі. Хаця, скажу шчыра, мне было нязвыкла ўжываць слова “ветэран” у адносінах да маладых мужчын.

Трыццацігадовы ветэран Леанід Астальцаў любіў і ўмеў гатаваць піцу яшчэ да ваенных падзей. Вярнуўшыся, зразумеў, што па-ранейшаму хоча займацца любімай справай.

Пазычыў грошай і адкрыў рэстаран. Сёння ён тут працуе сам і дае працу 13 маладым ветэранам.

 Чаму вечарам на майдане ажываюць газоны

 “Так нязвыкла, што ў вашых беларускіх гарадах нічога не адбываецца,” – казала неяк украінская журналістка Ірына Зямляна, якая летам наведала Беларусь.

Толькі апынуўшыся ў Кіеве, я да канца змагла зразумець сваю калегу з Украіны.

Кіеў. Звычайны восеньскі вечар. Не разумею, чаму на майдане некалькі соцен чалавек. Маладыя, сталыя, кампаніямі, парамі і па аднаму, сем’і з маленькімі дзецьмі…

Вячэрні майдан.

Вячэрні майдан.

Але… Бліжэй да дзевяці аднекуль з’яўляецца музыка і… пачынаецца відовішча. Струмяні ўсіх фантанаў, што на плошчы, падсвечваюцца рознымі колерамі і танцуюць пад украінскія песні і міравыя хіты.

А хто вельмі захоча паглядзець на танцы фантанаў пад сваю любімую музычную кампазіцыю, можа зрабіць замову на сайце Кіеўскай гарадской рады. Ва ўсялякім разе, гэта абяцае прыемны голас перад заканчэннем фантаннага шоу ў 11 гадзін вечара.

Людзі дзівяцца на фантаны з розных месцаў. Тыя, хто не баіцца пырскаў, сядзяць на бліжэйшых бардзюрах. Нехта – на прыступках пераходаў.

У іх так можна. Прыкіньце?

У іх так можна. Прыкіньце?

А газоны ў гэты час літаральна ажываюць. На іх сядзяць і ляжаць (уявіце сабе! ляжаць!) людзі. Яны гартаюць свае гаджэты, размаўляюць, смяюцца… Цікава, а што б адбылося, калі б я лягла на газон на плошчы Незалежнасці ў Мінску?

Што адбываецца ўвечары на Храшчаціку

Але не толькі вячэрнім майданам уразіў Кіеў. Пераходзім вуліцу і разумеем, што да некалькіх соцен на майдане варта дадаць некалькі соцен на Храшчаціку.

Вось дзяўчына танчыць фаер-шоу. Вось стары каларытны ўкраінец з чупрынай грае на лютні.

А ля лавачак што за збор? А, тут малады чалавек чытае для выпадковых мінакоў Маякоўскага і Мандэльштама.

Вулічныя танцоры нікога не раздражнялі, хутчэй наадварот.

Вулічныя танцоры нікога не раздражнялі, хутчэй наадварот.

Іду далей. На прыступках нейкай установы бабулі зладзілі флэшмоб. Танцуюць пад павольную музыку, пратэстуючы тым самым супраць незаконнай трансплантацыі.

На супрацьлеглым баку таксама танцы. Прабіваюся скрозь натоўп моладзі і бачу, як энергічныя хлопцы танцуюць брэйк-данс.

Здымаю на свой планшэт тусоўку байкераў. Ступіла пару крокаў – ізноў здымаю. Толькі ўжо раварыстаў. Здаецца, усё. Можна прысесці на адну са шматлікіх лавачак і зразумець, што значыць, калі на вуліцах нешта адбываецца.

Проста графіці.

Проста графіці.

Дарэчы, на некаторых храшчацкіх лавачках можна не проста адпачыць. Тут лёгка падзарадзіць свае мабільнікі.

Як распавялі калегі, лавачкі для падзарадкі гаджэтаў паставілі нядаўна, дзякуючы мясцовым кіеўскім актывістам і ўладам горада.

Зайшла ў пераход і згубілася

Час вяртацца ў гатэль. Але тут праблема! Пасля спакойных сталічных падземных пераходаў у кіеўскіх губляешся. Вось так зайшла перайсці дарогу і… знікла гадзінкі на тры. А як па-іншаму?

Бо тут жа і ўпрыгажэнні, і безліч кіеўскіх сувеніраў, і цэлыя крамы вышыванага адзення, і кнігарні, і кава з ласункамі, і мастакі, што малююць партрэты. І ўсё тыя ж бюджэтныя кавярні.

Кіеўскі рэстаран, дзе прэзентавалі кніжкі паэты Някляеў і Хадановіч.

Кіеўскі рэстаран, дзе прэзентавалі кніжкі паэты Някляеў і Хадановіч.

Ці можа Кіеў пахваліцца  чысцінёй, якой так ганарацца многія жыхары беларускіх гарадоў. Можа.

Але вось парадокс. Удзень тут даволі цяжка сустрэць дворнікаў з шуфлямі і венікамі, якія ўвесь час ходзяць і падграбаюць, дамагаючыся гэтай самай ідэальнай чысціні. Атрымліваецца, што да вечара сметніцы поўныя. А раніцай прачынаешся – і ўсё чыста.

Дызайнерскія кветнікі ў клубе Жыццялюб.

Дызайнерскія кветнікі ў клубе Жыццялюб.

Разгадаць загадку я змагла ў адну з цёплых кіеўскіх начэй, седзячы ў кавярні з відам на Бесарабскі рынак. Між пустых гандлёвых радоў дворнікі пачалі шчыраваць ужо пасля апоўначы.

Дзе абмяняць грыўны і што за іх набыць

Што прывезці з Кіева? Тут усё залежыць ад вашых захапленняў і колькасці грыўнаў, вядома. Дарэчы, гэтую рэдкую валюту прасцей набыць ва Украіне.

Зносіны.

Зносіны.

У Маладзечне з грыўнамі працуе толькі адзін банк. І нават там мне не пашанцавала. Яшчэ не было пяці вечара, а ў банку, па словах супрацоўніц, ужо здалі касу. З такой самай праблемай сутыкнулася і калега з Астраўца.

А ў Кіеве мы без праблем абменьвалі валюту ў ветлівых касірак. Хтосьці з нас напоўніў чамадан украінскімі цукеркамі, не забыўшыся ў апошні дзень прыхапіць кіеўскі торцік.

Сюды пенсіянеры прыходзяць глядзець кіно.

Сюды пенсіянеры прыходзяць глядзець кіно.

Хтосьці набываў вышыванае адзенне. У Мінск у вышыванцы прыехала і я. А ў чамадане ляжалі цукеркі, магніцікі і некалькі пар шкарпэтак, таксама з вышыванкай.

Добра, што эмоцыі, премныя сустрэчы, новыя знаёмствы і тэмы для будучых журналісцкіх матэрыялаў захавала памяць. У чамадан яны б дакладна не ўлезлі.

А ўкраінцы заўсёды былі адчайныя. Дошка ў гонар Васіля Макуха, які спаліў сам сябе ў 1960-ыя, пратэстуючы супраць камунізму.

А ўкраінцы заўсёды былі адчайныя. Дошка ў гонар Васіля Макуха, які спаліў сам сябе ў 1960-ыя, пратэстуючы супраць камунізму.

Вайна? Яе за чатыры дні я адчула двойчы. Першы раз, калі ўбачыла вайскоўцаў у метро. Другі – калі на адным з будынкаў заўважыла шыльду “Штаб дапамогі фронту”.

Фота аўтара.

 

 

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце