Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец -1° Астравец
Грамадства
17.10.2017 16:01 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Заняткі для конкурсу выпрабоўвала на сыне: лепшая выхавальніца рэспублікі распавяла пра перамогу, працу і сям’ю

Таццяна Апановіч з выхаванцамі сваёй старэйшай групы

Таццяна Апановіч з выхаванцамі сваёй старэйшай групы.

Выхавальніца дзіцячага садка №24 прынесла паказаць сваім выхаванцам птушачку. А птушачка не простая, а хрустальны журавель.

Яго Таццяна Апановіч атрымала за перамогу ў суперфінале рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Беларусі” ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Але для яе конкурс – не паказчык прафесійнага майстэрства, ды і слова “лепшая” крыху бянтэжыць.

– Калі лепшая, то няма куды развівацца далей, – лічыць Таццяна Лявонаўна. – Значыць, гэта тупік.

Давала начныя заняткі

На думку выхавальніцы, члены журы не маглі быць аб’ектыўнымі да канца. Калі б яны правялі разам з Таццянай некалькі дзён у яе групе, напэўна, толькі б тады склалася аб’ектыўная карціна.

Калі ўзяць усе этапы  – ад унутранага, у садку, да рэспубліканскага, – то можна сказаць, што конкурс доўжыўся год. Першыя конкурсныя заняткі ў сваім садку Таццяна дала летась у кастрычніку. Пасля паступова былі перамогі на раёне, вобласці і, нарэшце, на рэспубліцы.

Двухпавярховы лялечны домік Таццяна Апановіч зрабіла сама.

Двухпавярховы лялечны домік Таццяна Апановіч зрабіла сама.

На рэспубліканскім конкурсе Таццяна давала заняткі-“загатоўкі”, майстар-клас для студэнтаў педуніверсітэта і… начныя заняткі.

Але начныя заняткі, гэта не заняткі ноччу. Называліся яны так вось чаму. Днём у тры гадзіны настаўнікі даведваліся тэму заняткаў і ўзрост дзяцей.

У пяць-шэсць гадзін вечара ехалі ў садок, дзе павінны будуць заўтра раніцай праводзіць заняткі. Там гутарылі з выхавальнікам і аглядалі групу. А потым “з нуля” пачыналі рыхтавацца да заняткаў.

А на падрыхтоўку была цэлая ноч.

– Нягледзячы на тое, што ноччу не заплюшчыла вачэй, ад заняткаў атрымала вялікае задавальненне, – дзеліцца выхавальніца. – Напэўна, таму, што мне трапіліся такія разумныя і добрыя дзеці. Хоць бачыла я іх першы раз.

Студэнты – гэта не дашкольнікі

Самым складаным у конкурсе для педагога, які 16 год працуе з дашкольнікамі, было правесці майстар-клас для студэнтаў педуніверсітэта ў Мінску.

– З маленькімі дзецьмі прасцей, яны адразу вераць табе на слова, – кажа Таццяна.

Студэнты – гэта дарослыя людзі. Яны маюць сваю пазіцыю. Не заўсёды прымаюць тое, што скажа педагог. З будучымі калегамі Таццяна дзялілася досведам таго, як прышчапіць дашкольніку любоў да рабочых прафесій.

Калі выхавальніцы няма.

Калі выхавальніцы няма.

Па назіраннях маёй субяседніцы, першапачаткова ў вачах студэнтаў чыталася нешта накшталт: “Што ты тут лухту нейкую нясеш”.

Аднак пасля яны актыўна ўключыліся ў заняткі, стваралі навучальныя дапаможнікі – газеты, кніжкі, калажы. Пад­водзячы вынікі, адзначылі, што майстар-клас ім спадабаўся і атрыманыя веды яны абавязкова выкарыстаюць у сваёй будучай працы.

А Таццяна адчула, што можа працаваць не толькі з дашкольнікамі, але і з дарослымі людзьмі.

Беларускамоўныя заняткі не выклікаюць панікі

А першапачаткова, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце, Таццяна якраз і планавала, што бу­дзе працаваць з больш дарослымі людзьмі, а не з дашкольнікамі. Па спецыяльнасці жанчына – настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Але жыццё склалася так, што адразу пасля заканчэння ўніверсітэта Таццяна працуе выхавальніцай і ўпэўненая, што з садка ў школу не пойдзе.

А цяпер з выхавальніцай.

А цяпер з выхавальніцай.

Філалагічная адукацыя ў садку не стала лішняй. Часта трэба дэкламаваць вершы. Хоць Таццяна лічыць, што атрымліваецца гэта не столькі дзякуючы адукацыі, колькі прыродным да­дзеным і досведу. За час працы ў садку перад бацькамі і дзецьмі ў столькіх казачных персанажаў прыйшлося пераўвасобіцца.

А яшчэ калі трэба праводзіць беларускамоўныя заняткі, у Таццяны гэта абсалютна не выклікае панікі, як у некаторых калег.

А дома выхоўваю сына і мужа

Да таго, што мама на працягу года ўдзельнічае ў розных конкурсах, муж і сын прывыклі.

Падчас рэспубліканскага этапу Таццяна вымушаная была з’ехаць у Мінск на два тыдні.

З хлопчыкамі выхавальніца будуе самалёт.

З хлопчыкамі выхавальніца будуе самалёт.

– За гэты час ні муж, ні сын не хвалявалі і не турбавалі мяне, – прыгадвае выхавальніца. – Не тэлефанавалі, каб спытаць, дзе насоўка, а дзе шкарпэткі. А я ведала, што тата прыгатуе ежу для сына, а сын – для таты.

12-гадовы сын Таццяны, Вася, вучыцца ў школе і займаецца хакеем. У мамінай перамозе ёсць і яго заслуга.

– Некаторыя заняткі і майстар-клас для студэнтаў апрабоўвала на сыне, – распавядае Таццяна. – Ён уважліва слухаў, рабіў разумны выгляд, пагаджаўся са мной.

Сям’я верыла ў маму і жонку больш, чым яна сама. Калі Таццяна перамагла на вобласці, сын жартам сказаў, што мама пераможа і на рэспубліцы.

А вось Таццяна да апошняга сумнявалася ў магчымасці сваёй перамогі.

З дзяўчынкамі люляе ляльку.

З дзяўчынкамі люляе ляльку.

– Напэўна, я не да канца ацаніла ўласныя магчымасці, – дзеліцца выхавальніца. – Была нейкая памылковая думка, што настаўнікі на некалькі прыступак вышэй за выхавальнікаў. Конкурс пераканаў мяне, што выхавальнік можа быць на адным ўзроўні з настаўнікам і называцца гордым словам “педагог”.

Прафесія выхавальніцы адбіваецца на сямейным жыцці.

– З мужам і сынам размаўляю, як у дзіцячым садку: “ручкі памыў?”, “зубкі пачысціў?”, – смяецца Таццяна.

Часцей сямейнікі пад­парадкоўваюцца маме-выхавальніцы, аднак могуць і супраціўляцца. Не так і лёгка выхаваць мужа, калі ён вайсковец.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце