Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец -1° Астравец
Грамадства
18.10.2017 11:16 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Сельсавет разбурыў дачу маладзечанца, рэчы вывез і цяпер патрабуе заплаціць за гэта 6 900 рублёў

Фота забяспечана Міхаілам Ламакам.

Маладзечанцу Міхаілу Ламаку 75 гадоў. Ці думаў ён 25 гадоў таму, што з-за памылкі ўладаў яму давядзецца адстойваць сваё права не толькі на зямлю, але і на права называць сябе сумленным чалавекам, калі яго абвінавацілі ў незаконным захопе зямлі?

Драматычныя падзеі, звязаныя з адстойваннем уласнай маёмасці, ужо давялі Міхаіла Сямёнавіча, па яго словах, да інфаркту. І больш  змагацца адзін на адзін з несправядлівым, на яго думку, рашэннем уладаў пенсіянер не мог.

Ён звярнуўся ў “Рэгіянальную газету”. І не толькі для таго, каб яму дапамаглі, але і каб выслухалі, і каб звярнуцца наўпрост да тых, хто, гледзячы сталаму чалавеку ў вочы, пытаўся: “Дзед, нашто табе тая зямля, усё адно хутка паміраць?”

Год 1993. Пачатак

У 1993 годзе ў сям’і Ламакаў адбылася радасная падзея. Сын жаніўся і прывёў нявесту ў свой дом. У хуткім часе чакала яшчэ адна радасная па­дзея – у маладой сям’і нарадзілася дзіця, а потым і другое.

Як размясціцца ўшасцёх у маленькай кватэрцы? Міхаіл Сямёнавіч і напісаў заяву на імя старшыні Хажоўскага сельсавета Л.Я. Шчуцкага з просьбай выдзеліць яму ўчастак зямлі ў вёсцы Слабодка, на малой ра­дзіме мужчыны.

Рашэннем №178 ад 22.03.1993 года Маладзечанскі райвыканкам выдзеліў зямельны ўчастак па вуліцы Сацыялістычнай у Слабодцы Хажоў­скага сельсавета.

Шчаслівы гаспадар уласнай зямлі пачаў уладкоўвацца на месцы. Паставіў невялічкі домік 6х8,5, пасадзіў сад, абгарадзіўся плотам. Здавалася б, жыві і радуйся.

Але ў 1994 годзе аказалася, што ўчастак Міхаіла Сямёнавіча і яшчэ двух суседзяў знаходзяцца ў ахоўнай зоне газу высокага ціску.

Аднак, якія наступствы гэта нясе, ніхто не думаў. Сем’і апрацоўвалі зямлю, будаваліся, стала жылі там на працягу 10 гадоў. Плацілі падаткі на зямлю і нерухомасць у Хажоўскі сельсавет.

У 2008 годзе Міхаіл Сямёнавіч усё ж напісаў заяву з просьбай перанесці будынкі на новы ўчастак. Але тая заява засталася без увагі.

 

Толькі ў 2010 годзе да Міхаіла Сямёнавіча прыехалі прадстаўнікі выканкама. 

А ў 2011 годзе Міхаіл Ламака стаў рэгулярна атрымоўваць лісты аб зносе будынкаў з ахоўнай зоны газу.

Вядома, Міхаіл Сямёнавіч чакаў, што разбяруцца па сумленні і выдзеляць іншы ўчастак сям’і, раз атрымалася такая недарэчнасць.

Аднак у Міхаіла Ламакі памірае сын, нявестка з двума дзецьмі атрымоўваюць аднапакаёвую кватэру, Міхаіл з жонкай вяртаюцца ў сваю кватэрку па вуліцы Драздовіча. І ўлады ім адказалі, што ў выдзяленні іншага ўчастка зямлі ім адмоў­лена, таму што сям’і не патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў.

 За тое, што разбурылі дом, Міхаіл Ламака яшчэ мусіць заплаціць грошы

А ў 2016 годзе прый­шло распараджэнне Маладзечанскага райвыканкама. Пасля чаго Міхаіл Сямёнавіч трапіў на бальнічны ложак, – распараджэнне абавязвала прымусова зносіць будынкі за свой кошт.

Аб тым, як 75-гадовыя пенсіянеры будуць зносіць дом, вядома, ніхто не падумаў.

І вось 30 жніўня гэтага года старшыня Хажоў­­скага сельсавета Сяргей Шупляк разам з “Камунальнікам” ускрылі замкі ў доме, сарвалі дах, вырвалі вокны і дзверы, разабралі веранду, самавольна зайшлі ў хату.

Самавольна сабралі з шафы  ўсе рэчы, спачатку проста выкінулі ў посцілках на двор, а потым звезлі ў невядомым накірунку – “нібы на захаванне”.

На пытанне, што ж вы робіце, старшыня сельсавета адказаў: “У 1993 годзе былі адны законы, цяпер другія”.

– Нават іконку і два крыжыкі мы не знайшлі ў разбуранай хаце, – кажа Міхаіл Сямёнавіч.

Калі паказвае фота, Міхаіл Ламака заплюшчвае вочы

Гэту гісторыю Міхаіл Сямёнавіч расказаў, калі я прыйшла да іх. У мужчыны ёсць усе дакументы, якія пацвяр­джаюць тое, што зямлю ён самавольна не захопліваў, усе звароты ў выканкам, у адміністрацыю Прэзідэнта. На флэшцы запісаныя ўсе размовы з чыноўнікамі. У папцы – усе фотаздымкі дачы, як яна выглядала ад 1993 года да 2017 і разбураны дом цяпер.

Фотаздымкі разбуранага дома паказвае жонка Міхаіла Сямёнавіча. Сам гаспадар схаваўся ў суседнім пакоі і не выйшаў адтуль, пакуль я не паклала фотаздымкі выявай уніз.

– Сэрца слабое, баюся, не вытрымаю, шчыра прызнаецца Міхаіл Ламака, выціраючы слёзы пад акулярамі.

Юрысты: чым жа мы можам дапамагчы?

Гісторыю Міхаіла Ламакі я расказала юрыстам, якія займаюцца вырашэннем зямельных пытанняў. На што атрымала адказ:

– Тут трэба не ў газету скардзіцца, а ў суд падаваць, у пракуратуру. Звяртацца да адвакатаў. Хаця ў нас шмат такіх заяў, і мы не ведаем, чым дапамагчы такім грамадзянам. Сапраўды, існуе закон на прымусовы знос усіх будынкаў.

…Міхаіл Сямёнавіч па гэтым законе яшчэ застаўся вінны дзяржаве 6 900 рублёў за тое, што разбурылі дом.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце