Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец -1° Астравец
Беларусь
16.10.2017 08:50 ,AЎТАР(Ы): Паводле Нашай Нівы

"Звычайныя жанчыны, не алкагалічкі": у Барысаве пяць работніц на Дзень маці выпілі вадкасць для чысткі чанаў ад рыбы

Фота BambinoStory.

Раніцай 14 кастрычніка жанчыны, як звычайна, прыйшлі на працу  пачыналася іх змена на прадпрыемства "Фаўна". Яно займаецца вытворчасцю прадуктаў з рыбы.

Жанчыны працавалі разнарабочымі. Пакуль яны пераапраналіся, у падсобку прыйшла прыбіральшчыца. Было каля дзявятай раніцы.

Прыбіральшчыца паведаміла, што знайшла ў курылцы на другім паверсе чыюсьці заначку  бутэльку бальзама "Чорны знахар" і прапанавала адзначыць Дзень маці.

"Там дзіўная гісторыя. Што было дакладна, сказаць цяжка: на ўсім прадпрыемстве відэакамеры, але ў той падсобцы іх няма. Але маці расказала мне наступнае.

Бутэлька была няпоўная, але, здаецца, заклееная акцызнай маркай. Жанчыны адкрылі, разлілі. Іх было шасцёра, але адна піць не захацела. Прыбіральшчыца пакаштавала "на язык" і таксама не захацела. Астатнія вырашылі трохі выпіць.

Панюхалі  неяк незвычайна ці небяспечна з бутэлькі не пахла. На пяцярых выйшла па няпоўнай чарцы,  расказаў "Нашай Ніве" сын адной з жанчын.  То бок незразумела, як бутэлька была закрытай  паўлітры там не было дакладна".

Тры жанчыны выпілі адразу. Рэакцыя была імгненнай: пачало круціць жываты, ванітаваць, пекла ў роце і горле. Жанчыны ўпалі на падлогу. Двое жанчын выпілі на пару секундаў пазней. Убачыўшы, што адбываецца з іх калегамі, яны пачалі засоўваць пальцы ў рот, каб званітаваць.

Жанчына, якая не піла, выклікала хуткую. Работніц забралі ў бальніцу. Трое тых, хто выпіў першымі, цяпер у Мінску, у аддзяленні таксікалогіі. У іх апаленыя страўнікі, глыткі, моцна апечаны страваводы.

Двое жанчын  у бальніцы ў Барысаве, у ЛОР-аддзяленні. У іх апаленыя глыткі, вадкасць не паспела дайсці да страўнікаў.

"Я пазваніў маці а дзявятай раніцы, павіншаваць са святам. Слухаўку падняла іншая жанчына, паведаміла, што маму забралі ў рэанімацыю. Цяпер яе стан вельмі кепскі,  распавёў сын адной з пацярпелых, — 

Мне сказалі дактары так  тым, хто ў Мінску, трэба пратрымацца 2 тыдні. Тым, хто ў Барысаве — тыдзень. Калі за гэты час не памруць, то выкараскаюцца".

Ён настойвае: жанчыны не мелі праблем з алкаголем і проста вырашылі выпіць па чарцы з нагоды свята. Усе пацярпелыя рознага ўзросту: каму 40 гадоў, каму 46, каму 23.

"Звычайныя работніцы, — кажа хлопец. — Яны не алкагалічкі".

Што ж было ў той бутэльцы?

Пасля хуткай на прадпрыемства прыязджалі міліцыянты. Бутэльку забралі на экспертызу.

"Дакладна невядома, што было ў ёй. Але кажуць, што шчолач. Справа ў тым, што на прадпрыемстве захоўваецца шмат хімічных рэчываў. І кажуць, што вадкасць для чысткі чанаў ад рыбы якраз па колеры і кансістэнцыі падобная на той бальзам.

А яна вельмі-вельмі моцная, з ёй працуюць у пальчатках, бо скуру нават можа спаліць, — расказвае сын пацярпелай работніцы. — То бок, хутчэй за ўсё, хтосьці вырашыў вынесці трохі гэтай вадкасці сабе дадому, наліў у бутэльку з-пад "Чорнага знахара" і схаваў. А прыбіральшчыца знайшла".

Цяпер, кажа хлопец, падняўся шум на прадпрыемстве. Імаверна, пакараюць начальніцу змены, прыбіральшчыцу і кладаўшчыка, які адказвае за захоўванне хімічных рэчываў, мяркуе хлопец.

"Маёй сястры ўжо званіў той кладаўшчык, казаў, нібыта ён адгаворваў жанчын піць той "бальзам". А насамрэч яго ў той дзень увогуле на працы не было", — кажа хлопец.

Пацярпелыя жанчыны пакуль змагаюцца за жыццё. Кажуць, што на месца здарэння выязджалі следчыя. Па факце здарэння можа быць заведзеная крымінальная справа.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце