Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец +1° Астравец
Беларусь
16.10.2017 16:47 ,AЎТАР(Ы): Арцём Гарбацэвіч, "Наша ніва"

"Вярніце мне сына!" Яшчэ адна смерць салдата, гэтым разам – у Бярозе

Фота nn.by.

Грамадства працягвае абмяркоўваць шакуючыя факты дзедаўшчыны ў Печах. Тым часам "Нашай Ніве" стала вядома пра смерць яшчэ аднаго салдата, 23-гадовага жыхара Барысава Генадзя Сарокіна, які праходзіў службу ў бярозаўскай часці СПА №48684.

Салдат памёр 2 верасня пры незразумелых абставінах і без сведкаў: нібыта быў у дзяжурстве на вышцы і раптоўна сканаў. 

Пра падзеі таго дня больш падрабязна нам расказаў ягоны брат, Аляксей.

"Я быў з бабуляй, нам тэлефануюць з часці і кажуць, што брат памёр, – кажа хлопец. – Мы не паверылі адразу. Ну як гэта "памёр"? Мы ж да яго на наступны дзень збіраліся ехаць, часта гасцявалі. Ён не скардзіўся ні на што: толькі мазь для нагі і таблеткі ад прастуды неяк прасіў за час службы".

Калі сям'я трохі выйшла з шоку, сваякі адразу паехалі з Барысава ў Бярозу.

Але цела ім не аддалі: маўляў, яно ў моргу. А морг закрыты на выходныя. Маці засталася начаваць у інтэрнаце ў Бярозе. Хоць салдат памёр у суботу, маці змагла ўбачыць яго цела толькі ў панядзелак.

"Афіцэры часці толькі сказалі, што да брата прыязджала хуткая, і дактары нібыта сказалі, што ў яго адарваўся тромб, ну і ўсё", – сказаў Аляксей.

"Пасля нейкі эксперт з морга сказаў, што ў брата былі сутаргі і прыступ эпілепсіі, бо язык прыкушаны. Але не было ў яго ніколі такога пры жыцці! Ні сутаргаў, ні эпілепсій. Я не веру", – рэзюмуе ён.

Мы спыталіся таксама ў маці хлопца, Святланы, што памятае яна, але размова была досыць цяжкай – жанчына ўвесь час галосіць.

"Армія загубіла майго сынка, – лямантавала яна. – Чаму ён памёр? Можа, вялікія нагрузкі давалі?

Да войска ён ні на што не скардзіўся. Ну сэрца… Перад войскам была кепская кардыяграма, яму тыдзень сказалі перачакаць, ну і праз тыдзень усё было нармальна – 23 лістапада ён пайшоў, праз год меўся вярнуцца [далей плач, неразборліва]".

У чым прычына смерці? – спыталіся мы.

"Нам пазванілі і сказалі – "тромб", больш нічога.

З іх словаў, ён памёр між двума і трыма гадзінамі. Пазванілі каля пяці гадзін. Чаму так доўга? Што вы там рабілі? Чаму адразу не паведамілі? Чаму? Я сына ўбачыла ўжо ў панядзелак – вельмі прасіла, ледзь пусцілі. Ён ляжаў у адзенні. На левай скроні была драпіна, нос падраны. Ці гэта ён спачатку падаў, а потым памёр, ці ўжо пасля ўпаў… Але ці падаў ён увогуле? Я не ведаю! Раней ніякіх прыступаў у нас не было, ніякіх стратаў прытомнасці, ні ў школе, ні ва ўніверсітэце… А тут – імгненная смерць, як так магло быць, людзі?.

Ён праляжаў жа колькі… Я не магу нават сказаць, ці былі ў яго нейкія пашкоджанні. Бо ў моргу рэзалі, ускрывалі, усю галовачку парэзалі, грудкі парэзалі, на грудзях швы, дзе ты там ужо што ўгледзіш? Што я ўбачу? Нічога… [плача]".

На дзедаўшчыну, кажа маці, салдат скардзіўся толькі спачатку.

"Ну казаў, што яна [дзедаўшчына] ёсць, што адразу былі там нейкія разборкі. Грошы давала яму, мільён-два на старыя. Але так, каб з яго патрабавалі грошы, то ён не казаў…", – дадае яна.

Хаця прайшло ўжо больш за паўтара месяцы ад моманту смерці, афіцыйнай прычыны дагэтуль няма – у пасведчанні, як кажуць сваякі, напісана "прычыны смерці высвятляюцца".

"Мне не важна, што напішуць. Напішуць, што за-хо-чуць! А мне вярніце сына, вярніце сына!" – плача маці, гаварыць з ёй цяжка.

У Міністэрстве абароны пакуль гэта не каментуюць – нам параілі звярнуцца да іх пазней, калі яны ўдакланяць.

Як даведалася "Наша Ніва", на тыя дзяжурствы хлопцы ў часці №48684 заступаюць раніцай, з узыходам сонца.

Генадзь Сарокін заступаў на г.зв. "вышку візуальнага назірання" – глядзеў на неба з біноклем, прасцей кажучы.

І вось у гэты момант – калі салдат быў адзін і нікога побач не было, ён нібыта і памёр – знайшоў яго цела саслужывец, які заступаў на пост пасля яго.

Арцём ГАРБАЦЭВІЧ, "Наша ніва".

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце