Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Культура
Вілейка, Валожын
29.10.2017 11:20 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Фільм віляйчанкі пакажуць на міжнародным кінафестывалі “Лістапад”

Стоп-кадр з фільма Васіліна. Забяспечаны Аўгіняй Манцэвіч

Стоп-кадр з фільма Васіліна. Забяспечаны Аўгіняй Манцэвіч.

Сёлета на міжнародным кінафестывалі “Лістапад” пакажуць дакументальны фільм ураджэнкі Вілейкі, журналісткі Аўгіні Манцэвіч.

Галоўная гераіня фільма – амаль 90-гадовая жыхарка вёскі Лохаўшчына, што на Валожыншчыне, Васіліна Валадкевіч.

Аўгіня Манцэвіч: Цяпер змагаюся з іпастассю прадюсара

Здымаючы фільм, журналістка выступала і рэжысёрам, і прадзюсарам, і сцэнарыстам, і аператарам.

– Кожная з іпастасяў для мяне была цяжкая,  таму што ў кожнай з іх я выступала ўпершыню, – прыгадвае Аўгіня. – Я не ведала, як дзейнічаць правільна, ці так я раблю, ці не. У мяне зусім не было досведу.

Па словах журналісткі, цяпер яна “змагаецца з іпастассю прадзюсара”:

– Фільм ужо ёсць, а што рабіць з ім не ведаю.

Каб хоць нешта зрабіць, Аўгіня вырашыла падаць свой фільм на кінафестываль. Фільм прынялі. Хаця да сённяшняга дня аўтарка не ведае пра патрабаванні арганізатараў да прадстаўленых фільмаў. Проста запоўніла анкету – і ўсё, кажа яна.

Зарабіць грошай з дапамогай фільма не атрымалася, прызнаецца субяседніца. Зразумела, што пра гэта варта было падумаць яшчэ на этапе вытворчасці фільма, але аўтарка не думала пра гэта:

– Раптам, атрымалася б нейкая лажа, а мне ўжо далі грошай?

Таму найважнейшым для Аўгіні было проста зрабіць фільм і паглядзець, якім ён атрымаецца.

– Я задаволеная, што ў мяне атрымаўся годны прадукт. Настолькі годны, што яго прынялі ў нацыянальны конкурс “Лістапад”.  Цяпер я ведаю, што на вытворчасць наступных фільмаў ужо можна будзе прасіць грошы, – дзеліцца журналістка.

Тады і якасць можа атрымацца лепшай, мяркуе Аўгіня, бо зможа дазволіць сабе і аператара, гукарэжысёра.

Пакуль збіралася здымаць фільм, памёр адзін герой

Першапачаткова Аўгіня Манцэвіч збіралася здымаць фільм пра бабу Васіліну і яе сына Віцю. Хацела паказаць жыццё праз іх адносіны, але не атрымалася:

–  Я так дацягнула, што Віця памёр.

Тады ўзнікла ідэя зняць фільм, у якім сутыкнуцца старое жыццё, якое сыходзіць. Гэта Васіліна. І новае, якое прыходзіць. Гэта пара хлопцаў, якія куплялі хату ў Лохаўшчыне.

Дзве гэтыя лініі, па словах Аўгіні, яна здымала даволі доўга і ў пэўны момант хацела іх звесці. Але зразумела, што лініі занадта розныя. І што гісторыя бабы Васіліны ўжо самадастатковая.

– Да таго ж бабуля настолькі раскрылася перад камерай, – прыгадвае аўтарка, – што я нават сама гэтага не чакала. У выніку, я зрабіла фільм толькі пра яе.

Журналістка ведала, што жыццё галоўнай гераіні было нялёгкім, але ў працэсе здымак даведвалася ўсё больш падрабязнасцей і была проста ў шоку, праз якія пакуты давялося прайсці гэтай жанчыне.

– І вось я жыву ў суседняй з ёй хаце і думаю пра тое, што праз плот, жыве яна, адна, якая прайшла столькі ўсяго. І мне ніколі да канца яе не зразумець, бо я жыву зусім іншым жыццём. І пры гэтым – мы з ёй жывем у адных часава-прасторавых каардынатах, –  тлумачыць Аўгіня.

Галоўная гераіня пакуль не бачыла фільм пра сябе

Фільм Аўгіня здымала не для фестывалю, а для сябе. Даўно ўжо думала пра тое, што бачыць свет сродкамі кіно:

–  Ведаеце, бывае такое, штосьці пабачыш, даведаешся і падумаеш: вось бы зняць пра гэта кіно ці напісаць кнігу.

Раней аўтарку ўсё больш цягнула напісаць кнігу. Але пасля зразумела, што кіно – гэта больш яе. Было адчуванне, што можа атрымацца.

–  Вядома, зняць фільм – гэта не пост у фэйсбуку напісаць, – упэўненая мая субяседніца. – Трэба шмат высілкаў, часу і тэхнічнае абсталяванне. Таму думала і пра тое, каб здымкі фільма прынеслі мне грошы.

Пакуль галоўная гераіня фільма – баба Васіліна – кіно пра сябе не бачыла. Падчас стварэння фільма журналістка наўмысна нічога ёй не паказвала, каб захаваць чысціню гісторыі гераіні. Пасля прапаноўвала паказаць пару ўрыўкаў, але бабуля сама не захацела.

Цяпер Аўгіня думае прапанаваць Васіліне Валадкевіч паехаць у Мінск на паказ падчас “Лістападу”:

– Але ізноў жа – сумняюся, што яна захоча. Да таго ж – ёй амаль 90 і ў такім узросце ўжо цяжка пераносіць дарогу.

Фільм “Васіліна” крыху даўжэйшы за паўгадзіны. Здымаць яго журналістка пачала летась восенню, а скончыла сёлета вясной. Атрымалася прыкладна паўгода.

 У пачатку вясны змантавала амаль канчатковую версію фільма, але працягвала здымаць, бо была крыху іншая ідэя сцэнару.

Калі змантавала – пабачыла, што вось – гэта ўжо фільм. Трэба спыніцца.

Дакументальнае кіно Аўгіня пакуль лічыць захапленнем. Але робячы кіно, яна ставілася да яго як да працы:

– Інакш, думаю, у мяне не атрымалася б зрабіць тое, за што не было б сорамна.

Гледачам тэлеканала  “Белсат” Аўгіня Манцэвіч вядомая, як вядучая праграмы "Аўтаспынам па Беларусі".

– Ці дапамог вам неяк досвед “Аўтаспыну” ў здымках фільма?

–  Напэўна. Я назірала, як працуюць мой рэжысёр і аператар. Да таго ж і мой журналісцкі досвед, і ўменне працаваць з людзьмі, размаўляць з імі таксама мне дапамагло, – лічыць Аўгіня.

Па словах журналісткі, сам факт прыёму фільма на фестываль важны для яе. Гэта прызнанне яе працы:

– Цяпер я ведаю, што зняла штосьці вартае, што паставілі ў адзін шэраг, напрыклад, з фільмам майго любімага беларускага дакументаліста Віктара Аслюка.

Фільм "Васіліна" пакажуць у межах фестывалю "Лістапад" 8 лістапада ў 17:00 у кінатэатры "Беларусь" па адрасе: Мінск, вуліца Раманаўская Слабада, 28.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце