Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -1° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Культура
2
14.11.2017 17:07 ,AЎТАР(Ы): дырэктар дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” Алеся КАРОЛІК

6500 кіламетраў вачамі ўдзельніцы падарожжа па слядах Скарыны і Агінскага

Дэлегацыя Беларусі ля помніка Францыску Скарыне ў Празе

Дэлегацыя Беларусі ля помніка Францыску Скарыне ў Празе. Фота забяспечана Алесяй Каролік.

Члены дэлегацыі дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” і Беларускага фонду культуры ў межах рэалізацыі міжнароднай праграмы “Шляхамі Францыска Скарыны: да 500-годдзя выдання Пражскай Бібліі” ад 8 да 18 кастрычніка наведалі Кракаў, Прагу, Падую, Венецыю, Фларэнцыю і Рым.

Дырэктар дабрачыннага фонду Алеся Каролік падзялілася сваімі ўражаннямі ад падарожжа.

– Я не хацела б па­чынаць свой расповед з таго, што мы 12 гадзін ездзілі па тэрыторыі Беларусі, бо адзін з памежных пераходаў быў закрыты, таму раскажу, як а пятай гадзіне раніцы наша група рушыла ў бок Кракава з надзеяй на добрае надвор’е, добры настрой і цікавае падарожжа.

Кракаў

…У Кракаве першым пунктам нашага прыпынку стаў Ягелонскі ўніверсітэт. Прыгожы, велічны, цудоўны. Нас сустрэлі і правялі ў прыгожую парадную залу, дзе ўсе сцены былі ўвешаныя партрэтамі каралёў і іншых знакамітых асоб Польшчы.

Каб я дасканала разумела поль­скую мову, на якой нам праводзілі экскурсію, я можа, распавяла б болей пра гісторыю Ягелонскага ўніверсітэта, але я проста паслухмяна пасля экскурсіі разам з нашай дэлегацыяй паднялася на трэці паверх універсітэта, дзе нас чакаў бронзавы Скарына. Усклалі кветкі, пакланіліся долу і накіраваліся ў наступны горад на нашым шляху – Прагу.

Прага

Я не буду доўга распавядаць пра тое, што перш-наперш мы накіраваліся ў абменныя пункты, а толькі пасля глядзець начны горад. Мяне здзівіла, што ў 22:00 ён быццам вымірае: вуліцы пусцеюць, на небе свеціць месяц-поўня і групка беларускіх турыстаў шпацыруе па вуліцах і дзівіцца на прыгожую пражскую архітэктуру.

На раніцу чакала расчараванне: за вокнамі ліў дождж. Але трэба было выбірацца з атэля і ісці ўскладаць кветкі да помніка Францыску Скарыну ў Празе. Помнік знайшлі, кветкі ўсклалі. І гэты пахмурны ранак упрыгожыў сваімі акапэльнымі спевамі Андрэй Мацюшонак.

Рассаджваючыся ў аўтобусе, мы ўспаміналі словы прадмовы ля помніка Скарыну першага міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі і прадстаўніка амбасады Беларусі ў Чэхіі. Канешне, мы ганарымся тым, што помнік нашаму першадрукару стаіць у Празе, што кожны свядомы беларус павінны яго наведаць ці хаця б проста знаць, што ў Празе ёсць такі помнік.

Наперадзе  нас чакала Італія

Пераезд праз Аўстрыю быў самым запамінальным: горы, горы і зноў горы. Не хапіла памяці на тэлефоне, каб зафіксаваць усю гэту прыгажосць.
Цяжка было ўявіць, што нас наперадзе чакае цудоўная Італія.

Яна сустрэла амаль летнім надвор’ем і сонцам. Вузенькія вулачкі, старыя будынкі, каларытныя італьянцы – усё гэта было не ў італьянскім кіно, а насамрэч.

Пакуль афіцыйная частка нашай дэлегацыі была на прыёме ў мэрыі, мы і музыканты накіраваліся ў той самы Падуанскі ўніверсітэт, дзе Францыск Скарына абараняў сваю навуковую працу. Мы перадалі ўніверсітэту 21 том скарынаўскай бібліі, а супрацоўнікі ўніверсітэта паказалі нам сапраўдны дакумент 16 стагоддзя, у якім напісана пра тое, што Скарына сапраўды абараніў сваё званне. А пасля нас чакала яшчэ адно захапленне. Нас правялі ў аўдыторыю, дзе 500 гадоў таму абараняўся наш першадрукар.
Фларэнцыя.

Ці ведалі вы, што заезд у горад каштуе 500 еўра?

Мы ўзрушаліся такім высокім коштам роўна да таго моманту, пакуль не трапілі на вуліцы Фларэнцыі. Будынкі 12 стагоддзя, брукаванкі, каталіцкія базілікі…

Салісты сімфанічнага аркестра маладзечанскага музычнага каледжа мелі вялікі гонар зладзіць канцэрт у базіліцы Санта Крочэ, дзе знайшоў свой вечны спакой Міхал Клеафас Агінскі.

Пасля канцэрта мы накіраваліся на вуліцу Тарнабуёні, дзе апошнія гады жыў Міхал Клеафас Агінскі.
Калі вы аднойчы трапіце ў Фларэнцыю, абавязкова акрамя фотаапарата вазьміце з сабой відэакамеру. Немагчыма запомніць і перадаць у фота ўсю гэту прыгажосць!

 80% гістарычных каштоўнасцяў планеты знаходзяцца ў Італіі. 

На наступны дзень нас чакала экскурсія ў галерэю Уфіці з італьянскім экскурсаводам. Мы хадзілі па залах і не верылі сваім вачам, што перад намі арыгіналы Рафаэля, Мікельанджэла…


Але духоўная ежа – гэта добра, але як жа без сапраўднай італьянскай піцы? Піца, канешне, смачная, але яшчэ прыемна ўразіла тое, што ў кавярні працавалі адны афіцыянты-мужчыны.

У Рыме нас чакалі ў базіліцы Сан Клементэ. Але перад гэтым экскурсія па Ватыкане.

У кастрычніку Ватыкан наведваюць прыкладна 36 тысяч чалавек штодзённа, таму падчас экскурсіі нідзе спыняцца нельга, бо народу вельмі шмат.

Толькі ў Сіксцінскай капэле мы змаглі атрымаць асалоду ад цішыні.

Мемарыяльную шы­ль­­ду са словамі ўдзячнасці Кірылу і Мяфо­дзію перадалі ў базіліку Сан Клементэ. Там падчас прамовы прадстаўнікі пасольства расказалі, што ў Рыме 1300 каталіцкіх храмаў. І калі царкве менш за 500 гадоў, то італьянцы ў яе проста не пойдуць. Вось вам і Італія.


А калі беларусы звярнуліся да італьянцаў, каб адшукаць у музейных фондах “Падарожную кніжыцу” Скарыны, яны адказалі: “Усяго 500 гадоў? Навошта вам гэтая “навінка”? У нас ёсць рэчы нашмат старэйшыя”.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
15.11.2017 08:59
Аляксандр / Прыемны рэпартаж. Цікавыя факты. Дзякуй.
9.12.2017 12:00
Юзік / Вынаходніцтва кнігадрукавання адносіцца да 1440 г. звязана з імем Іагана Гутенберга які нарадзіўся ў Майнцы .У 1468 г. друкаваны станок з'явіўся ў Чэхіі, дзе 1517г. у Празе Францыск Скарына выдаў на старабеларускай мове «Псалтыр» , у 1472 г. - у Венгрыі, у 1473 г. - у Нидерландах, у 1470 г. — у Францыі, у 1476 г. — у Англіі. У 1520г Скарыной ў тады яшчэ нашай Вільні, у тым ліку выдадзена і “Малая подорожнаю кніжка» . У 1563 годзе першадрукарамі на Русі сталі Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў ( кніга «Апостал»). Так што італьянцы вядома правы, але што такое нашмат старэйшыя рэчы –адставанне беларусаў ад германцаў усяго на 80 гадоў, на 50 а французаў і ангельцаў на 45 відавочна, але ўсё ж не такое катастрафічнае, як бачыцца і здаецца Алесі Каролік (6500 кіламетраў вачамі ...) і многім іншым (а Наталля Тур усваім рэпартажэ замахнулася аж на 300 гадоў!)
Дадаць каментар
Новае на сайце