Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Культура
1
27.11.2017 14:32 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Былы мэр Маладзечна 15 год таму падарыў Святлане Сароцы дыямент. Маладзечанскаму Палацу культуры – 15 гадоў

Палацу культуры - 15

Палацу культуры - 15. Фота Наталл ТУР.

На ўрачыстасць, якая адбылася 16 лістапада ў малой зале Палаца культуры, запрасілі не толькі тых, хто працаваў і працуе ў галіне культуры, але і, у першую чаргу,  будаўнікоў, якія 15 гадоў таму падарылі Мала­дзечну той самы дыямент, імя якому Палац культуры.

Многа цёплых і шчырых слоў было сказана ў гэты дзень дырэктару Палаца культуры Святлане Сароцы і яе калектыву.

А калі хтосьці з выступоўцаў параўнаў калектыў палаца з ружамі, то Святлана Сарока ўзяла вялізны букет ружаў і падарыла кожнай сваёй работніцы па кветцы.

На пачатку ўрачыстасці прагучалі словы аб тым, што для Сусвету 15 гадоў – гэта толькі імг­ненне. А вось для калектыву, як для жывога арганізма, – гэта цэлая эра: з узлётамі, цяжкасцямі, пераадоленнем і позіркам у будучыню.

За гэтыя гады ў палацы прайшло больш за 6000 мерапрыемстваў рознага ўзроўню – ад мясцовых да міжнародных. Палац – уладальнік 157 Гран-пры ў конкурсах розных узроўняў.

Сёння ў палацы працуюць 35 калектываў, у якіх занятыя больш за 1000 чалавек.

На ўрачыстасці, прысвечанай 15-годдзю Палаца культуры, да слоў ­удзячнасці дадаліся і ўзнагароды ад Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама і Мала­дзечанскага райвыканкама.

Нагрудныя знакі Міністэрства культуры “За ўклад у развiццё культуры Беларусi”  ўручылі: намесніцы дырэктара па арганізацыйна-кадравай рабоце Галіне Акулёнак, намесніцы дырэктара па інфармацыйнай і канцэртнай дзейнасці Але Яцыне, мастацкаму  кіраўніку палаца  Валянціне  Жаўняровіч.

Ганаровымі граматамі Мінаблвыканкама адзначаныя кіраўнік узорнай эстраднай студыі “Жывы гук” Дзмітры Рудык і кіраўнік тэатра мініяцюр “Брава” Надзея Сідарэнка.

Узнагароды атрымалі і іншыя працаўнікі Палаца культуры.

Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец, калі віншаваў з юбілеем, прызнаўся, што калі яшчэ не быў кіраўніком горада, прыязджаў сюды і зайздросціў маладзечанцам, што ў іх ёсць такі палац. Месца, дзе не толькі жыве творчасць і прыгажосць, а месца, дзе, у першую чаргу, вядзецца творчае выхаванне дзяцей.

Падчас віншаванняў прагучала шмат цёплых слоў, Святлане Сароцы і яе калектыву падарылі шмат кветак і падарункаў.

І толькі Мікалай Чурсін, былы старшыня Маладзечанскага райвыканкама, сказаў:

– Я сёння без падарунка, бо свой падарунак – гэты дыямент – я падарыў вам 15 гадоў таму.

І прыгадаў, што 15 год таму вяліся спрэчкі наконт таго, ці прызначаць Святлану Сароку дырэктарам палаца.

– А сёння, калі вы яе хваліце, – звярнуўся Мікалай Чурсін да залы, – мне прыемна ўдвая, бо я разумею, што тады ў гэтай дзяўчынцы не памыліўся.

Святлана Сарока адказала, што тады ж ёй прапанавалі весці перадачу на тэлебачанні, але і яна ні разу не пашкадавала, што выбрала пасаду дырэктара.

– Толькі мы з ёй ведаем, – працягнуў Мікалай Чурсін, – колькі слёз было выплакана ў той час, калі палац трэба было пабудаваць за чатыры месяцы.

Менавіта таму, аднымі з самых пачэсных гасцей на ўрачыстасці і былі прадстаўнікі будаўнічых арганізацый.

– Я хачу выказаць ім асаблівыя словы падзякі, – сказала Святлана Сарока, – бо гэта яны, 37 будаўнічых арганізацый, працавалі ў тры змены, каб пабудаваць наш палац.

Прыгадала дырэктар і пра форс-мажоры, калі да пачатку канцэрта заставалася гадзіна, а рабочыя сцэны дэкарацыямі разбіваюць акно. І тады на дапамогу прыходзяць будаўнічыя арганізацыі Мала­дзечна, якія літаральна за хвіліны паспяваюць замяніць шкло.

Палац культуры будаваўся 11 год. Праўда, з перапынкам у восем гадоў. Але вось ужо 15 гадоў ён працуе без перапынкаў, каб сваім жыццём пацвярджаць думку пра тое, што ўсё галоўнае яшчэ наперадзе.

 

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
27.11.2017 19:52
Саша / Да, ребята, оперативно, уже неделя как прошла после мероприятия, а вы только пишете.
Дадаць каментар
Новае на сайце