Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
28.11.2017 09:09 ,AЎТАР(Ы): Аддзел інфармацыі

Прэмію Алеся Адамовіча атрымаў Зміцер Бартосік за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы". У кнізе – шмат успамінаў жыхароў нашага рэгіёна

Дачка Алеся Адамовіча Наталля ўручае прэмію Змітру Бартосіку. Фота svaboda.org

Дачка Алеся Адамовіча Наталля ўручае прэмію Змітру Бартосіку. Фота svaboda.org.

Лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча сёлета стаў пісьменнік, бард, журналіст Зміцер Бартосік за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы". За гэтую кнігу Зміцер месяц таму атрымаў прэмію Гедройца.

У кнізе – падарожныя нататкі журналіста, яго гутаркі з жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі. Не абмінуў журналіст і наш рэгіён. На старонках ёсць успаміны жыхароў Маладзечаншчыны, Вілейшчыны, Валожыншчыны, Астравеччыны, Ашмяншчыны.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у студзені 1995 года. Першым старшынём журы быў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Сёлета вызначаны 36-ы лаўрэат.

Прэмію прысуджаюць за лепшую кнігу публіцыстычных твораў. У розныя гады лаўрэатамі прэміі былі Павел Шарамет, Рыгор Барадулін, Сяргей Дубавец, Аляксандр Тамковіч, Уладзімір Някляеў.

Вось урывак з твора Бартосіка пра вёску Суднікі, што на Вілейшчыне:

"Тое, што вайна ў Беларусі працягвалася і пасля вайны, не сакрэт. А вось маштабы антысавецкага супраціву невядомыя да гэтае пары. У лес сышлі тыя, хто хаваўся ад мабілізацыі ў РККА ў 1944-м. Туды ж падаліся былыя акупацыйныя паліцыянты. У лесе былі аддзелы Арміі Краёвай. Туды ж сышлі і свядомыя беларусы  – змагары з савецкай уладай. Імёны Яўгена Жыхара, Мікалая Дэмуха ды Івана Раманчука да гэтае пары выклікаюць у каго жах, у каго захапленне...

Недалёка ад мястэчка Ілья ёсць масавае пахаванне, якое ніяк не пазначанае. Хоць у той магіле ляжаць сотні людзей. Гэта ахвяры вайны, памяць пра якую складальнікі савецкай гісторыі імкнуліся выкрасьліць з розумаў і сэрцаў. Вайны, якая ішла ў Заходняй Беларусі ад 1944-га да пачатку 1950-х гадоў.

Ільянскі гісторык Уладзімір Кажамяка збірае сведчанні той забытай вайны:

 – О! Тут якія банды былі! Банда Пётры Харытонава. А якая мэта была ўва ўсіх гэтых людзей? У іх была мэта  – супрацьстаяць савецкай уладзе. У пачатку яны хадзілі свабодна, нават па вёсцы. "Мы зробім пераварот!" У гэтым была мэта іхная і задача. Ну, канешне, яны дзейнічалі спосабам якім? Засады, забойствы. Што значыць змагацца з уладай? Гэта змагацца з тымі, хто падтрымлівае гэтую ўладу, хто кіруе на месцах.

Суднікі  – вёска, абкружаная з усіх бакоў пагоркамі, парослымі лесам. Яна пабудаваная так, нібы людзі тут хацелі схавацца ад чужых вачэй. У некалі паўналюдным паселішчы, дзе з міжваеннае пары ляжыць дасканалы брук, сёння жывуць адно мінскія дачнікі. З карэнных жыхароў засталася толькі пара 80-гадовых бабуль. Падзеі саракавых гадоў яны запомнілі на ўсё жыццё.

Зінаіда Вяжэвіч, гаваркая гасцінная бабуля, камандзіра антысавецкага фармавання Пятра Клімёнка, сына Харытона, упершыню пабачыла ў 1943-м. Вось пры якіх абставінах:

 – Як цалкам вайна разыгралася, пачалі вёскі паліць у Беларусі, ён прыехаў сюды. У яго на рукаве было напісана "СД". Нашу вёску абкружылі паліць. І ён выратаваў нашу вёску. Ён пагаварыў з эсэсаўцамі, яны ўсе паехалі. З-за гэтага мы засталіся жывыя ўсе. Пётра прыехаў і выратаваў вёску."

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце