Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -3° Маладзечна
Вілейка -3° Вілейка
Смаргонь -3° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -3° Мядзел
Астравец -3° Астравец
Здарэнні
1
24.11.2017 15:11 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ, Аксана ЯРАШОНАК

Чаму выратаваліся ўсе, акрамя яе. Блізкія загінулай у пажары 18-гадовай дзяўчыны спрабуюць высветліць абставіны трагедыі

Фота Зоі Хруцкай.

У вялікім пакоі каля састаўленых на памінкі сталах са здымкам Ангеліны сабраліся сваякі – браты, сястра, цётка, бабуля і іншыя. Чакаюць яе маці, якая прывязе з Маладзечна доктарскае пасведчанне з прычынай смерці.

– Усё вельмі заблытана, – сказала маці загінулай Ірына Канстанцінаўна, калі прыехала з райцэнтра.

Горам забітая маці ў тым стане, калі ўжо выплаканыя ўсе слёзы. Здаецца, пажар здарыўся з-за печкі, але дыму з трубы суседзі не бачылі. Адразу, як пачаўся пажар, гарэла моцна. Ніхто з чатырох, кажуць суседзі, не абгарэў, хаця па версіі следства адзін з хлопцаў двойчы спрабаваў выратаваць Ангеліну.

Як дзяўчына трапіла ў той дом

Ангеліна працавала ў Мінску ў кіёску, жыла на кватэры з братам. Часта прыязджала ў Краснае. У той дзень яна вярталася дамоў на папутцы. Спынілася машына, у якой ехалі двое маладзёнаў. Тыя прапанавалі спадарожніцы з'ездзіць на шашлыкі. Дзяўчына пагадзілася, але толькі калі разам з Вікай – сваёй сяброўкай. Маладым людзям трэба было ад'ехаць у Маладзечна, і на гэты час Ангеліну пакінулі ў Красным у яе брата. Пасля за ёй заехалі, у машыне разам з хлопцамі была Паліна, дзяўчына аднаго з іх. Учацвярых паехалі ў Радашкавічы забраць Віку, а затым накіраваліся на шашлыкі ў Белева.

Малады чалавек Ангеліны, Толя, прыгадвае: ў той дзень дзяўчына сказала, што застанецца ў Вікі. Прапанаваў завезці яе дадому з Радашкавічаў на сваім аўтамабілі.

Адмова дзяўчыны яго насцярожыла, і Толя паехаў у Радашкавічы. Убачыўшы яе з нейкімі хлопцамі, вырашыў прасачыць, куды паедзе.

Кампанія прыехала ў дом у Белева, які належаў бацькам Паліны. Толя паклікаў Ангеліну паразмаўляць удвух, і яны пасварыліся. Ангеліна засталася ў доме ў Белеве, а Толя паехаў дадому.

"Вашу дзяўчыну сюды ніхто не цягнуў"

Ірына Канстанцінаўна кажа, што калі пазваніў следчы каля 10 гадзін раніцы, яна ўжо ведала ад знаёмых пра тое, што адбылося. Толя здагадаўся, дзе здарылася трагедыя, і яны паехалі туды разам. А на месцы маці пачула: "Тут адпачывалі прыстойныя людзі, і вашу дачку сюды ніхто не цягнуў".

– Мне ўсе кажуць, што гэта справа выглядае падазрона, і я хачу праўды, – кажа Ірына. – То кажуць, што яна спала на ложку, то што паўзла да выхаду. То што на яе звалілася бэлька. Каму верыць? І як двое мужчын маглі не выкінуць яе праз акно? Кампанія з пяці чалавек. Відаць жа адразу, што некага не хапае. А калі мы пыталіся ў Вікі, чаму не выцягнулі Ліну, яна сказала: "Вас там не было. Хіба вам было б лягчэй, калі было б два трупы?"

Ангеліна вельмі любіла фатаграфавацца. Здымак са старонкі Ангеліны ў сацыяльных сетках.

Ангеліна вельмі любіла фатаграфавацца. Здымак са старонкі Ангеліны ў сацыяльных сетках.

Яна марыла пра дзіця

Ірына расказвае, што Ангеліне вельмі пасавала яе імя, яна і сапраўды была маміным анёльчыкам. Толькі залішне наіўная. Пра тое, як моцна Ліна любіла фатаграфавацца, блізкія ўзгадваюць з усмешкай. З мамай былі вельмі блізкія, яна шчыра расказвала пра свае сардэчныя справы.

І цяпер, пасля трагедыі, яе малады чалавек Толя ва ўсім дапамагае сям'і.

Вельмі радавалася, калі пачала зарабляць грошы. І марыла, што калі-небудзь сама стане маці.

Суседзі: думалі, гэта салют

Блізкія Ангеліны папрасілі жанчыну, якая жыве па суседству, падзяліцца, што запомніла з той раніцы.

"Ужо каторы дзень мы ніяк не можам супакоіцца. У той дзень каля пяці раніцы котка на вуліцу папрасілася, выпусціла – была цішыня. У гэты дом часта на шашлыкі прыязджалі. Недзе ў палове шостай пачаўся пажар.

Мы з мужам спачатку пачулі трэск, падумалі, салюты пускаюць. Але чаму раніцай? Да акна – гарыць! Крычаць: "Дзядзечка, ратуй, дзяўчына гарыць". Але было ўжо немагчыма, шыфер страляў.  Без дзесяці шэсць гарэла ўсё. Выклікалі пажарных.

Пагарэльцы стаялі тут, каля ганку, у чым спалі. Суседка чула, адзін гаварыў: "Мяне цяпер звольняць, бо не выратаваў дзяўчыну". Дзяўчаты казалі, што спрабавалі будзіць Ангеліну, а тая пацягнула на сябе коўдру і адрэзала: "Адыдзіцеся, я нікуды не пайду".

Следства: двойчы кідаліся ў агонь

Пра падрабязнасці пажару  на Маладзечаншчыне паведаміў старшы следчы Маладзечанскага РАСК Андрэй Падбярэзскі, які выязджаў на месца здарэння.

– 6 лістапада ўвечары кампанія маладых лю­дзей прыехала на лецішча ў Белева. У кампаніі было два хлопцы і тры дзяўчыны. Лецішча належала бацькам адной з іх, – кажа Андрэй Віктаравіч.

Па яго словах, маладыя людзі паелі шашлыкоў, выпілі спіртнога і пайшлі спаць. Ноччу адзін з хлопцаў прачнуўся і заўважыў задымленне. Пачаў крычаць, будзіць сяброў. Маладыя людзі прачнуліся і ў паніцы пачалі выбягаць з хаты. Выбягаючы, паадчынялі дзверы і вокны, ад чаго задымленне ператварылася ў агонь.

Ужо на вуліцы маладыя людзі агледзеліся, што іх чацвёра. Адзін хлопец з кампаніі двойчы спрабаваў знайсці сяброўку ў палаючым доме, але з-за агню і дыму не змог.

Па словах старшага следчага, высветлілі, што смерць дзяўчыны, жыхаркі Краснага, надышла з-за атручвання чадам і не мае крымінальнага характару. Загінулая працавала прадаўцом у Мінску.

– Дзяўчаты – 18-20-гадовыя, з Маладзечаншчыны. Хлоцы на некалькі год старэйшыя з Мінска і Мінскага раёна, – распавёў старшы следчы.

Па яго словах, усе маладыя людзі, у тым ліку і загінулая дзяўчына, з добрых сем'яў.

Папярэдняя прычына пажару – печка, якая палілася ў хаце.

Пажар у Белеве адбыўся раніцай 7 лістапада.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
24.11.2017 15:29
Алена / Якая прыгожая дзяучынка! Спачуванни маме и сваякам. трымайцеся!
Дадаць каментар
Новае на сайце