Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -3° Маладзечна
Вілейка -3° Вілейка
Смаргонь -3° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -3° Мядзел
Астравец -3° Астравец
Здарэнні
28.10.2017 09:44 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Міліцыя наводзіць парадак на чыгунцы

Фота Зоі Хруцкай.

Акцыю ў межах комплекснага мерапрыемства “Пасажыр” правялі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў на транспарце ў пятніцу, 20 верасня.

Інспектар прапаганды Сяргей Васілеўскі ўзброіўся памяткамі для пасажыраў чыгуначнага транспарту, а па дарозе да тых, для каго яны прызначаныя, распавёў пра асноўныя праблемы на чыгунцы для транспартнай міліцыі:

– Часцей за ўсё злачынствы лёгка можна было б папярэдзіць, калі б людзі самі больш дбалі пра свае рэчы. Здараецца, што людзі ў зале чакання ставяць тэлефон на зарадку, самі ідуць у прыбіральню ці на вуліцу перакурыць. Вяртаюцца – ужо ні тэлефона, ні зараднага. Здаецца, бяры рэчы з сабой, але некаторыя вельмі даверлівыя, за што пасля плацяць маёмасцю. Іншая праблема – курэнне. Курыць можна толькі ў спецыяльных месцах, пазначаных шыльдай “Месца для курэння”. Зловяць за намаляванай вакол астраўка лініяй – штраф. Ну і ніяк не дабіцца, каб усе пераходзілі чыгунку толькі па насцілах. Ловім, штрафуем, – некаторыя разумеюць, абяцаюць больш так не рабіць, апраўдваюцца, што спазняліся ці не заўважылі. Іншым нічога не давя­дзеш.

Бывае, бабулі ледзь ногі перасоўваюць па дарозе, а па рэйках так гойсаюць, што не дагоніш, яшчэ і праз агароджы пералазяць! Ну, і як іх адвучыць?

Інспектар прапаганды Сяргей Васілеўскі.

Інспектар прапаганды Сяргей Васілеўскі.

Падыходзім да першых удзельнікаў акцыі, якія сядзяць на лаўцы і чакаюць электрычкі. Інспектар расказвае пра тое, чаго ў чыгуначным транспарце рабіць нельга: “Піць, гуляць у азартныя гульні, курыць. Трэба падтрымліваць чысціню. А калі здарыцца непрыемнасць, скрадуць вашы рэчы, напрыклад, адразу звяртайцеся да нас”. “З намі праблем дакладна не будзе. Не п’ём і не курым, не перажывайце”, – адказваюць спрытныя жанчыны.

Насустрач ідуць двое падлеткаў і лузгаюць семкі. “Маладыя людзі, чаго смецім?” – звяртаецца міліцыянер. Хлопчыкі пачырванелі і спужана пацягнулі пачкі семак у кішэні. “Мы праводзім акцыю “Пасажыр”, раскажам вам пра правілы паводзін на чыгунцы”. Хлопчыкі з палёгкай выслухалі інспектара і паабяцалі выконваць усе-усе парады.

Сталая жанчына заў­важыла: “О, правільна, у цягніках трэба нарэшце навесці парадак, а то насмецяць, сесці няма куды”.

Кампанія мужчын курыла на лаўках каля знака “Месца для курэння”. Ад прыбліжэння міліцыянера яны крыху напружыліся, але інспектар супакоіў: “Усё правільна, тут зона для курэння. Курылі б вы на пару метраў далей – маглі б заплаціць штраф”.

Як не стаць ахвярай злачынства

Спецыяльнае комп­лекснае мерапрыемства “Пасажыр” праходзіла ад 17 да 21 кастрычніка на тэрыторыі абслугоўвання Маладзечанскага АУСТ. Мерапрыемства ладзілі для прафілактыкі крадзяжоў маёмасці і забеспячэння правапарадку на чыгунцы.

Каб не стаць ахвярай злачынства ў цягніку:

– каштоўныя рэчы захоўвайце пры сабе.

– не пакідайце рэчы без нагляду

– не перадавайце іх незнаёмым

– не выпівайце ў транспарце

– не давайце мабільны тэлефон незнаёмцам

– не спіце ў электрычцы ці цягніку, калі маеце пры сабе грошы ці каштоўныя рэчы.

Калі вы сталі ахвярай ці сведкай злачынства, своечасова звяртайцеся ў міліцыю па тэлефоне 102.

За распіванне алкаголю ў грамадскім месцы прадугледжаны штраф да 8 базавых велічынь (184 рублі). За крадзеж прадугледжаная крымінальная адказнасць, паводле якой можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе штрафу, выпраўленчых работ да двух гадоў, арышт да шасці месяцаў, абмежаванне ці пазбаўленне свабоды да трох год.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце