Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
1 Валожын
24.11.2017 08:29 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

“Па Беларусі сумуем, але ў бурлівай Украіне адчуваем сябе ўтульна” Жыхарка Кіева прыгадвае, як жыла і працавала доктарам у Валожыне

Галіна Сарочык (злева) з сяброўкай Аленай Дацэнка ў Кіеве. Фота facebook.com

Галіна Сарочык (злева) з сяброўкай Аленай Дацэнка ў Кіеве. Фота facebook.com.

Як усё жыццё адпрацаваць дзіцячым доктарам, а з выхадам на пенсію рэзка змяніць не толькі сферу дзейнасці, але і краіну пражывання? Такім досведам можа падзяліцца мая субяседніца, ураджэнка Ашмянаў, а сёння – жыхарка Кіева – Галіна Сарочык.

З родных Ашмянаў мая субяседніца зусім маленькай пераехала з бацькамі на радзіму мамы – на Іўеўшчыну. Тут, у вёсцы Бакшты, мама працавала загадчыцай магазіна, а бацька выкладаў працу ў школе. Тым не менш, калі дзяўчына скончыла школу, яна не ўбачыла сябе ні ў адукацыі, ні ў гандлі.

Вырашыла паступіць у мінскі медінстытут:

– У сям’і з медыцынай была звязаная толькі цётка, якая працавала медсястрой. – Я ж заўсёды лічыла прафесію доктара самай гуманнай. У пэўны час зразумела, што хачу лекаваць людзей, а асабліва маленькіх людзей.

Пасля заканчэння інстытута праходзіла інтэрнатуру ў Лідзе, працавала ў Іўі, Карэлічах, адзін год – у маладзечанскай дзіцячай бальніцы, потым у Мінску.

Неанатолагу ў валожынскай бальніцы давяралі заўсёды

Чаму ў 1989 годзе Галіна Васільеўна з сям’ёй пераехала ў невялічкі Валожын? Гэтага даўно ўжо хацеў муж. Сам ён родам з хутара Гуньбаўшчына, што на Валожыншчыне, таму на малую радзіму даўно імкнуўся.

 На маё пытанне пра тое, ці не сумна было ў Валожыне маладой сям’і, Галіна Васільеўна адказала:

– Ды што вы?! Валожыншчына – дужа цікавая мясціна. Тут файная прырода, мясціны графа Тышкевіча. Да таго ж у мужа там быў цудоўны хутар. Яшчэ нам хапала часу і грошай, каб штогод летам ездзіць да мора ў Еўпаторыю.

У 1989-1999 годзе мая субяседніца працавала спачатку неанатолагам у радзільным аддзяленні, потым – загадчыцай паліклінікі.

– Хоць я была адносна маладым доктарам, да маёй думкі заўсёды прыслухоўваліся, давяралі, давалі поўную свабоду, – прыгадвае Галіна Васільеўна. – А яшчэ тут паважалі дактароў, якія імкнуліся да новага, увесь час павышалі кваліфікацыю. У калектыве было ўзаемапаразуменне.

Галіна (першая справа) з сябрамі і аднадумцамі. Фота facebook.com.

Галіна (першая справа) з сябрамі і аднадумцамі. Фота facebook.com.

І сёння Галіна Васільеўна з цеплынёй згадвае сваіх валожынскіх калег: загадчыцу дзіцячага аддзялення Эму Янкілевіч, раённага педыятра Валянціну Шавярду, загадчыка радзільнага аддзялення Фелікса Родзевіча.

У Валожыне ў сям’і Галіны Сарочык нарадзілася другая дачка Марына.

Да хворых дзяцей выклікалі і ў выходныя, і ноччу

У гады працы Галіны Сарочык у Валожыне сюды ехалі пераймаць досвед неанатолагі з усёй Мінскай вобласці. Прыязджалі і прафесары з Інстытута аховы мацярынства і дзяцінства.

А павучыцца было чаму. У Валожыне дактары пачалі выходжваць вельмі маленькіх неданошаных дзяцей, якія нараджаліся з вагой да кілаграма. За многімі з такіх дзяцей Галіна Васільеўна як доктар сачыла на працягу доўгіх гадоў: ведала, як яны развіваюцца, вучацца ў школе:

 – Да сённяшняга дня згадваю аднаго неданошанага хлопчыка, якога выхадзілі ў Іўі. Пасля ён вельмі добра вучыўся ў школе, скончыў яе з залатым медалём і паступіў на святара.

Усё жыццё доктар працавала на паўтары стаўкі. У невялічкім Валожыне ведалі, што заўсёды могуць звярнуцца да яе. Часта бацькі хворых дзяцей прыязджалі да Галіны Васільеўны і ў выходныя і нават ноччу.

Колькі разоў і з лазні мяне забіралі, і з банкета, прыгадвае Галіна Васільеўна.

Менавіта ў Валожыне Галіна Сарочык зацікавілася беларусчынай. Прыгадвае, што з калегамі сачылі за палітычнай сітуацыяй у краіне, разам слухалі радыё. Хаця любоў да роднага, Галіне Васільеўне яшчэ ў дзяцінстве прывіла бабуля Ганна. Яна была мудрай жанчынай, ведала шмат казак, легенд, спявала абрадавыя песні.

Трапіла ў сталіцу і... расчаравалася

Але ў 1999 годзе сям’я пакідае Валожын. Мужа Галіны Васільеўны павысілі па працы і перавялі ў Мінск, за ім сям’я мусіла з’ехаць у сталіцу.

Праз 20 год доктар апынулася ў той клініцы, дзе некалі праходзіла навучанне і… расчаравалася:

– За гэты час тут амаль нічога не змянілася. Тыя ж старыя палаты, адсутнасць ложкаў для мам. Метады лячэння, як і 20 гадоў назад.

Да таго ж тут не было ў доктара той самастойнасці, што яна мела на Валожыншчыне, дзе слову спецыяліста-неанатолага заўсёды давяралі. Кіраваліся такім прынцыпам: калі неанатолаг сказаў, значыць так трэба.

У Валожне быў вольны дух, кажа мая субяседніца. А ў сталіцы яго не было. Таму Мінск не пакінуў Галіне Васільеўне прыемных успамінаў.

Не дала задавальнення і праца на пасадзе галоўнага доктара ў рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей Чарнобыля. Тут, па словах Галіны Васільеўны, больш увагі надавалі спорту і прапагандзе, а не лячэнню і рэабілітацыі хворых дзяцей. Доктар сышла з

пасады.

Падарожжа па Дняпры з дачкой Юляй. Фота facebook.com.

Падарожжа па Дняпры з дачкой Юляй. Фота facebook.com.

Прайшла перападрыхтоўку і стала рабіць ультрагукавое даследаванне ў трэцяй дзіцячай клініцы Мінска, а потым ў чацвёртай гарадской паліклініцы. Новая праца зацікавіла, з яе і пайшла на пенсію.

Як ва ўкраінскай кавярні падавалі беларускую верашчаку

У 2011 годзе Галіна Васільеўна і яе дачка Юлія з’язджаюць ва Украіну. Дачка скончыла кіеўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “рэстаранны бізнес” і разам з мамай адчыніла беларускую кавярню ў Кіеве.

 – Мы задумалі не проста кавярню, якіх шмат, а своеасаблівы беларускі асяродак, – распавядае Галіна Васільеўна. – У нас было дзве залы. Адна прыбраныя ў чырвоныя і белыя колеры, другая – у жоўтыя і блакітныя. Сваім наведнікам мы падавалі беларускія стравы: пляцкі, квас, верашчаку, мачанку, дранікі. У кавярні гучала беларуская музыка, тут ладзіў пасяджэнні беларускі размоўны клуб Кіева.

У кавярню людзі прыходзілі, каб сустрэць аднадумцаў. Фота belsat.eu.

У кавярню людзі прыходзілі, каб сустрэць аднадумцаў. Фота belsat.eu.

Па словах маёй субяседніцы, кавярню ведалі беларусы, якія жылі ў сталіцы Украіны або прыязджалі сюды. Прыходзілі, сустракалі аднадумцаў. Кавярня працавала ў 2012-2014 гадах. Пасля эканамічныя ўмовы склаліся так, што мусілі зачыніцца. А падчас падзей на Майдане Галіна Васільеўна і дзве яе дачкі прывозілі сюды ежу.

– Украінцы – вольналюбівыя людзі, – перакананая Галіна Сарочык. – Мы таксама вольналюбівыя, таму і дапамагалі майданаўцам. У самыя трагічныя дні Майдана была лекарам, ратавала параненых.

Ва Украіне вельмі любяць беларускую мову

Украінскую мову мая субяседніца чула з дзяцінства, бо яе тата з Гомельшчыны. І бабуля, якая такм жыла, размаўляла больш па-ўкраінску.

Дарэчы, што да мовы, то маёй субяседніцы амаль і не трэба было яе вучыць спецыяльна. Кажа, што ўкраінцы не толькі разумеюць беларускую мову, але і любяць яе. Просяць, каб Галіна Васільеўна размаўляла не па-ўкраінску, а па-беларуску. Таму яна час ад часу ўжывае толькі асобныя ўкраінскія словы.

Ужо тры месяцы ў Кіеве існуе арганізацыя “Сябры”, якую арганізавалі беларусы, у тым ліку і Галіна Сарочык. У арганізацыю ўваходзяць беларусы Кіева і ўкраінцы, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Арганізатары запрашаюць на сустрэчы беларускіх паэтаў, ладзяць лекцыі па краязнаўству і гісторыі Беларусі, распвядаюць пра выбітных людзей.

Галіна Сарочык з дочкамі Марынай і Юляй. Фота facebook.com.

Галіна Сарочык з дочкамі Марынай і Юляй. Фота facebook.com.

– Сочым за падзеямі ў Беларусі, перажываем, інфармацыю размяшчаем у суполцы ў фэйсбуку. Па Беларусі сумуем, аднак у бурлівай Украіне адчуваем сябе ўтульна, – дзеліцца Галіна Васільеўна.

Галоўнай сваёй задачай “Сябры” лічаць інфармаванне ўкраінцаў пра Беларусь. Бо сёння, па назіраннях Галіны Васільеўны, ва Украіне пра Беларусь ведаюць мала. Кажуць толькі тое, што там добрыя дарогі і чыстыя гарады.

Нядаўна мая субяседніца была па справах у Беларусі. Пагасціла менш, чым разлічвала: у сяброўкі на расійска-ўкраінскай вайне загінуў сын, таму мусіла вяртацца.

На радзіму на заўсёды? Адназначна – не. Упэўненая: не змагла б тут знайсці сябе. Хоць сувязі з Валожынам жанчына не страціла і сёння. Тут жыве мама Галіны Васільеўны. А дзесяць год жыцця і працы ў гэтым беларускім гарадку, па словах Галіны Сарочык, сталі самай светлай згадкай у яе жыцці.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
26.11.2017 12:48
Аркадий / С трудом дочитал, тяжело написано.
Дадаць каментар
Новае на сайце