Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
28.11.2017 11:06 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Ці будуць у Маладзечне спыняцца віленскія цягнікі?

Фота Наталлі Тур.

Ад 10 снежня ўступае ў сілу новы расклад руху цягнікоў. У сувязі з завяршэннем сёлета электрыфікацыі на ўчастку Маладзечна - Наўёі (Новая Вілейка) - Вільня , стала магчымым пусціць паміж Мінскам і Вільняй электрацягнік. 

Аднак стала вядома, што па новым графіку ў цягнікоў №805 (першага ранішняга) і №807 (апошняга вячэрняга), якія курсіруюць па маршруце Мінск – Вільня, адмененая стаянка на станцыі Маладзечна. Тое самае тычыцца цягнікоў, якія ходзяць па гэтым маршруце ў зваротным кірунку: №804 (першы ранішні) і №806 (апошні вячэрні).

Неабыякавыя мала­дзечанцы Уладзімір Палуха, Яўген Громаў і Сяргей Гайдараў звярнуліся ў “Рэгіянальную газету”, каб  задаць цалкам слушнае пытанне: у сувязі з чым у вышэйназваных цягнікоў адмянілі стаянку ў Маладзечне?

Па выхадных днях па маршруце Мінск – Вільня/ Вільня – Мінск курсіруюць дадатковыя цягнікі, у якіх ёсць стаянка ў Маладзечне. А вось у працоўныя дні будзе значна горш. Па буднях толькі адзін цягнік бу­дзе спыняцца ў Мала­дзечне. Гэта цягнік №803 з часам адпраўлення ў 11:31. Назад у Мінск спыняцца ў Маладзечне будзе толькі цягнік №808 з часам адпраўлення з Вільні ў 15:05 (прыбыццё ў Маладзечна ў 18:08).

Дзве тыповыя сітуацыі, якія паказваюць, наколькі нязручнай будзе адмена цягнікоў

Хлопцы прапануюць разабраць дзве тыповыя сітуацыі, з якімі сутыкнуцца маладзечанцы і жыхары раёна, якім зручна дабірацца да Вільні з Маладзечна.

Калі нехта едзе ў Вільню на адзін працоўны дзень, каб паспець вярнуцца дадому, то мог ехаць 805-м ці 803-м цягніком, а вярнуцца назад 806-м. Гэта найбольш аптымальны па часе варыянт. Пасля змены раскладу, для іх застаецца толькі 803-і, а назад можна вярнуцца толькі 30-м хуткім Калінінград – Масква, які прыбывае ў Маладзечна ў 23:20. А гэта ўжо поз­на (не ўсе гарадскія аўтобусы ходзяць у гэты час).

Другая сітуацыя для тых пасажыраў, якія прыехалі ў Маладзечна ў госці і ўвечары хочуць вярнуцца дадому ў Вільню. Цяпер яны з’язджаюць 807-м. Асабліва ў пятніцу шмат людзей. Па новым графіку ў іх такой магчымасці ўжо не будзе. Толькі адзін цягнік – №29 / 30 Масква – Калінінград курсіруе штодня, але з вельмі нязручным для жыхароў Маладзечна графікам (адпраўленне з Маладзечна на Вільню ў 4:10). Астатнія цягнікі курсіруюць не кожны дзень.

Сяргей, Яўген і Ула­дзімір просяць звярнуцца да кіраўніцтва Беларускай чыгункі з прось­бай вярнуць прыпынак у Маладзечне для цягнікоў  №804 / 805 і №806 / 807.

– Мы ж не проста патрабуем вярнуць усё як было, – кажа Сяргей, – мы ж можам абгрунтаваць сваю пазіцыю. Зразумела, не трэба, каб гэтыя цягнікі спыняліся на кожным паўстанку. Але ж Маладзечна – гэта не толькі буйны горад на шляху з Мінска ў Вільню, але яшчэ і буйны вузел цэлых чатырох кірункаў. Жыхарам навакольных гарадоў, асабліва лідскага і полацкага кірункаў,  прасцей і хутчэй даехаць да Маладзечна, каб там перасесці на цягнік у Вільню. Якія варыянты потым будуць у іх? Не думаю, што прыпынак у Маладзечне, які павялічыць час у шляху максімум на пяць хвілін, моцна сапсуе карціну.

Ці магчымыя іншыя варыянты?

Маладзечна геаграфічна знаходзіцца недалёка ад Вільні, ехаць ўсяго паўтары гадзіны, не лічачы часу, патрэбнага для праходжання пагранічнага кантролю. Многія з маладзечанцаў маюць сваякоў у Літве, хтосьці ездзіць на вучобу, нехта па іншых справах.

Ёсць аўтобусы і маршрутныя таксі?

Ёсць усяго адзін аўтобус, які курсіруе ў Вільню праз Маладзечна. Гэта аўтобус Барысаў – Вільня з максімальнай колькасцю даступных для продажу білетаў не больш за два. Гэта можна паглядзець на сайце ticketbus.by. Акрамя таго, зваротны білет з Вільні ў Маладзечне ўвогуле не прадаецца. Ёсць аўтобусы, якія праходзяць праз іншыя навакольныя гарады, але ўсе яны транзітныя. Гэта значыць, што спланаваць паездку і набыць білет загадзя вельмі праблематычна. Аўтобусаў з Вільні ў Маладзечна няма ўвогуле.

Значыць, аўтобусны транспарт адпадае. Можа, ёсць прыватныя маршрутныя таксі. Але як міжнародны транспарт яны ўвогуле не падыходзяць. Цесна, буйны багаж не паставіш. Ды і праходжанне памежнага кантролю можа заняць шмат часу, бо “маршрутка” – гэта ўжо не рэйсавы аўтобус.

Вось і атрымоўваецца, што хоць Маладзечна ў параўнанні з Мінскам не такі і вялікі горад, але на кожны цягнік да Вільні тут са­дзіцца стабільна чалавек дваццаць.

 У прэс-службе Беларускай чыгункі пракаментавалі, што Маладзечна без прыпынку не застанецца. Аднак пакуль вядома, што прыпынкі вярнулі толькі цягнікам 805, 807.

То бок, калі вы едзеце ў Вільню, у вас будзе магчымасць сесці на цягнік у Маладзечне, а вось з віленскіх закупаў пакуль давядзецца ехаць аж да Мінску, а адтуль вяртацца назад іншым відам транспарту. 

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце