Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Гісторыя
1 Вілейка, Мядзел
25.11.2017 14:27 ,AЎТАР(Ы): Паводле Нашай Нівы

Забілі сякерамі, каб без шуму і стрэлаў: таямніца забойства сястры Максіма Танка

Магіла Веры Скурко ў Касцяневічах. Фота m.nn.by

Магіла Веры Скурко ў Касцяневічах. Фота m.nn.by.

Фарба на агароджы гэтай магілы на Касцяневіцкіх могілках амаль злупілася. Вакол агароджы высечана кустоўе. Але ўнутры  не. Даводзіцца пачысціць самому. Касцяневіцкія людзі глядзяць свае клады, але на самой магіле павінны чысціць сваякі. А няма каму.

"Скурко Вера, жыла 24 гады. І сын Яраслаў, жыў 2 гады. Памерлі ў 1943 г." Ні слова больш.

Так сёння выглядае магіла роднай сястры паэта Максіма Танка (Яўгена Скурко). Адшукаць яе ўдалося толькі з другога разу.

Фортка агароджы намёртва закручаная ржавым балтом. Помнік парастае мохам. На магіле   штучныя кветкі.

"…Веры абгародку паставілі ў Касцяневічах, памагаў шафёр, я яму за гэта заплаціў",   пісаў брат Фёдар да Танка 22 чэрвеня 1973.

Вера маладзейшая за Максіма Танка. Мяркуючы па надпісе на помніку, яна нарадзілася ў 1918 ці 1919.

У студзені 1938-га выйшла замуж за Браніслава Лётку, на хутар побач з вёскай Сэрвач (Вялікая Сэрвач) недалёка ад Касцяневічаў. Той хутар купіў Браніславаў бацька з грошай, заробленых у Амерыцы.

Захаваўся вясельны здымак. На ім Вера ў шлюбнай белай сукенцы, побач малады бы асілак.

Існуюць дзве версіі смерці жанчыны і яе малога сына.

Версія афіцыйная

Яўген Іванавіч у сваіх дзённіках 12 студзеня 1973 запісаў: "Пісьмо ад Федзі. Піша, што памёр наш швагер Браніслаў Лётка. Страшную трагедыю перажыў ён і ўся наша сям’я. У час вайны нейкі гмінны службіст загадаў Браніславу адвезці яго ў Куранец, а па дарозе іх абстралялі партызаны, здаецца, з атрада „Народны мсціўца“ і захапілі ў палон гэтага службіста. „Хто цябе падвозіў?“   „З Сэрвачы Лётка“. Тут жа расправіліся з ім і з сем’ямі братоў Лёткаў: забілі сястру Веру і яе двухгадовага сына, забілі швагерку з дзесяцігадовым сынам. А мужыкі іх   ацалелі. Былі ў суседняй вёсцы. Калі вярнуліся   засталі адны папялішчы. Потым браты былі мабілізаваны, прайшлі з баямі праз усю Польшчу, штурмавалі Берлін…"

Танк піша, што ў той справе "быў замешаны нявераўскі „Папок“, які, будучы партызанам, займаўся рабункам. Пасля вайны нейкі час працаваў брыгадзірам у калгасе. Але за тое, што біў людзей, яго судзілі. Сястра яго доўга распрадавала нарабаванае ім дабро…"

Страшная праўда

Праўда жыцця была яшчэ страшнейшай за гэтую падрэтушаваную, літаратурную. Яе перадавалі з вуснаў у вусны землякі Танка.

Неяк увечары мужчынская палова Лётак пайшла на суседні хутар гуляць у карты. Была ўжо ноч, калі прыйшлі на Лёткаў хутар партызаны. Шукалі яны золата, якое нібыта далі Веры ў пасаг бацькі. Яны былі заможныя, калі прыйшлі саветы ў 1939-м. Стаяла нават пытанне пра іх раскулачванне.

Яўген і Вера Скурко. Масква, 1922 год. Фота be.wikipedia.org

Яўген і Вера Скурко. Масква, 1922 год. Фота be.wikipedia.org

Мучылі партызаны жанчын, але золата не знайшлі. Ці то яго і не было, ці то не аддалі гаспадыні. Не думалі жанчыны, што бандыты не захочуць пакідаць сведкаў.

Забілі ж Веру з дзіцем і астатніх сякерамі каб без шуму, без стрэлаў…

Мужчыны з суседняга хутара бачылі агні ліхтароў на сваім дварышчы, але не пабеглі туды. Падумаць не маглі, што там робіцца…

Праз некалькі дзён на хутар бацькоў Веры ў Пількаўшчыне заязджалі партызаны. Адзін з коней быў як папонай укрыты пасажнай хатняй посцілкай. У кожнай гаспадыні яны былі на свой узор, вось маці і пазнала даччыну. Домна Іванаўна кінулася пытацца: адкуль жа ў вас посцілка маёй дачушачкі…

На той момант маці яшчэ не сказалі пра смерць дачкі. А бацька Іван Хведаравіч усё ўжо ведаў. Янук жонку за руку схапіў і не пусціў да ваякаў: не наша гэта посцілка, ты блытаеш… Разумеў, што могуць забіць і іх як сведкаў, як тых, "што пазналі".

Пазней да бацькоў прыязджаў партызанскі камандзір, а пасля вызвалення Беларусі   намеснік старшыні Вілейскага аблвыканкама Фёдар Маркаў.

Ён вініўся і быў гатовы расстраляць забойцаў Веры і яе сям’і проста на вачах бацькоў варта было толькі назваць імёны. Але стары не захацеў новай крыві, сказаў: "Хай Бог разбіраецца". Хоць імёны забойцаў не былі сакрэтам у наваколлі.

Пра смерць сястры Максіму Танку ў маі 1944-га расказаў той самы Маркаў.

Вось так было. Нацысты не зачапілі сям’і камуністычнага паэта, кроў пралілі затое лясныя бандыты, па-іншаму іх не назавеш.

След прапаў

Магіл з прозвішчам Лётка на Касцяневіцкіх могілках няма. З гэтага роду ніхто тут не застаўся, а старыя камяні паўязджалі ў зямлю.

Як склаўся лёс Браніслава Лёткі пасля штурму Берліна? Пасля Другой сусветнай Браніслаў знайшоў спосаб застацца ў Польшчы.

Максім Танк, расказваюць сваякі, нават бачыўся з ім падчас замежнай камандзіроўкі. Але пра гэта ў запісах самога Яўгена Іванавіча ні слова.

"Гэта лішняе",   так казалі старыя пісьменнікі.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
28.11.2017 13:39
Дзядзька Стась / Я чуў гэты аповяд ад Фёдара Скурка (менавіта так ён настойліва падкрэсліваў). Канешне не літаратурны. У некалькі радках версіі маецца некалькі недакладнасьцей. Так мужчыны не толькі бачылі агні на падворышчы, але і бачылі постаці, чулі крыкі і добра разумелі што адбываецца. Адважыліся пайсьці дадому толькі праз некалькі гадзін як усё сьціхла. Баяліся засады. Бандыты ведалі, што іх могуць чуць і бачыць з суседняга хутара. Таму, магчыма, такім спосабам забойства разлічвалі падманіць. Са слоў Фёдара мужчыны добра ведалі, што супраць узброяных людзей шансаў у іх няма. Спадзяваліся што проста абрабуюць. Па галасах дагадваліся і хто... Пра Браніслава і Яўгена. Яны сустрэліся праз многа год. Аносін не склалася. Чаму?! На той час наш зямляк быў савецкім чыноўнікам і ня толькі па літаратурнай частцы. Ён быў прадстаўніком БССР пры ААН, па некалькі месяцаў запар і неаднойчы жыў у Нью-Йорку не за ўласны кошт. Гэта было прывабна ня толькі для простага савецкага чалавека, але і для няпростага савецкага пісьменьніка. І разам з тым Яўген Іванавіч быў пад прыглядам КДБ не толькі з гэтай нагоды, але і за сваё мінулае. А таксама з-за сваёй радні. Прыгадаю пра дзядзьку Фадзея які доўгі час пражыў за мяжой у Германіі і Аргенціне. Таму шчырай размовы не магло атрымацца. А размова перш за ўсё пайшла пра трагедыю. Успомніце як яе апісвае ўжо пасьля сустрэчы ў Варшаве з самім сведкам Браніславам Яўген... Савецкі функцыянер ня мог дазволіць сабе выказаць праўды. Няпростыя адносіны былі ў Фёдара Скурка ня толькі з братам, але і з яго асяроддзем. Нават пасьля сьмерці пісьменьніка Фёдара не звалі нікуды. У прызідыум яму без патрэбы было. А вось на тое што не звалі нават на могілкі пад час урачыстасьцяў скардзіўся: ну што ім было заехаць да мяне, усё побач. Не звалі таму, што без усякага піетыту і адкрыта выказваўся пра савецкую ўладу. А потым магчыма па інэрцыі...
Дадаць каментар
Новае на сайце