Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Грамадства
1
30.11.2017 16:53 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Краіна, дзе дотык да жаночай таліі з'яўляецца злачынствам: маладзечанец распавёў пра паездку ў Абу-Дабі

Мікалай Цалко ў Абу-Дабі

Мікалай Цалко ў Абу-Дабі .

Чаму ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах нельга выпіць больш за два кубкі кавы і выпадкова дакрануцца да таліі незнаёмай жанчыны, распавёў майстар вытворчага навучання Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Мікалай Цалко.

У кастрычніку маладзечанец у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Міжнародны чэмпіянат свету па рабочых спецыяльнасцях WorldSkills.

Чэмпіянат ладзяць раз на два гады. Сёлета ён праходзіў у Абу-Дабі – сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Чаму з камандай Беларусі вырашылі накіраваць майстра з Маладзечна?

Спаборнічаюць швачкі.

Спаборнічаюць швачкі.

Мікалай Яўгенавіч працуе з моладдзю трыццаць год, а яшчэ мае паспяховы досвед падрыхтоўкі навучэнцаў да конкурсаў прафесійнага майстэрства ронага ўзроўню. Да паездкі ў Абу-Дабі была паездка ў Шанхай, дзе выступаў яго вучань Ціхан Кавальчук.

Эміраты – краіна гарачая

І так, гадзіна на самалёце да Кіева, потым яшчэ пяць  – і маладзечанец прызямліўся ў Дубаі. А жыў у гасцініцы побач з Персідскім залівам.

– Адразу адчуў, што краіна – не для адпачынку, – дзеліцца Мікалай Яўгенавіч. – Гарачыня неймаверная.

Афіцыйная цырымонія падчас спаборніцтваў.

Афіцыйная цырымонія падчас спаборніцтваў.

Па яго словах, значную частку бюджэту краіны тут выкарыстоўваюць на паліў дрэў і газонаў, па якіх гуляюць паўліны.

Майстар з Маладзечна ехаў паназіраць за ўсімі рабочымі пляцоўкамі на конкурсе. А іх было столькі, што разгледзець кожную не атрымалася. Па словах майго субяседніка, дзейства адбывалася на плошчы роўнай некалькім футбольным манежам.

– Мне асабліва цікавымі былі рабочыя спецыяльнасці, – згадвае майстар. – Доўга назіраў за працай кітайцаў. Заўважыў, што ў іх да ўсяго навуковы падыход. Усе рухі – разлічаныя. Няма мітусні, не трацяцца хвіліны на пошук інструментаў.

Мікалай Яўгенавіч перакананы, што адпраўляючы моладзь на такі конкурс, трэба падрыхтаваць іх псіхалагічна. Прыгадвае, што быў выпадак, калі дзяўчына так знервавалася, што ўсё кінула і збегла проста з пляцоўкі.

Тэматыка міжнаронага чэмпіянату прафесій была прывязаная да архітэктуры і гісторыі краіны. Напрыклад, будучыя сталяры рабілі драўляныя рамкі ў выглядзе будынкаў – славутасцяў сталіцы. А муляры з камянёў выкладалі сокала – птушку, што размешчаная на гербе Эміратаў.

На працоўнай пляцоўцы.

На працоўнай пляцоўцы.

У камандным заліку першае месца занялі расіяне. Таму ў 2019 годзе міжнародны турнір правядуць у Казані. Беларусы ж занялі 16 месца сярод 68 краін.

Вучаць на нафтавікоў і геолагаў

У каледжы, які наведалі беларусы, будучых сталяраў, муляроў, сантэхнікаў не сустрэнеш. Тут вучаць геалагічнай разведцы, нафтаперапрацоўцы, догляду за хворымі.

Вучыцца могуць толькі грамадзяне краіны. А па “класічных” рабочых спецыяльнасцях працуюць прыезжыя – індусы, пакістанцы.

У каледжы ўсе займацца па планшэтах. На сценах – ніякіх плакатаў. Замест іх – сучасныя наглядныя дапаможнікі. Так, будучым геолагам на заняткі раздаюць кавалкі сапраўдных горных парод. Шмат увагі надаюць практыцы. Напрыклад, у якасці экзамену можа быць заданне – прабурыць свідравіну.

Спаборніцтвы цырульнікаў.

Спаборніцтвы цырульнікаў.

Навучанне складаецца з некалькіх блокаў. Калі навучэнец не засвойвае матэрыял, ён можа ўзяць дадатковы блок. Перш чым, паступаць у каледж, абітурыент шукае сабе спонсара – чалавека, які можа даплачваць яму стыпендыю, а пасля возьме на працу.Гэтыя ўмовы пазначаюцца ў дагаворы. Знайсці такога чалавека ў Эміратах не цяжка. Тут развітая кланавасць, арабы падтрымліваюць адзін аднаго.

Муляр выконвае конкурснае заданне.

Муляр выконвае конкурснае заданне.

Спонсар абавязкова прысутнічае на выпускным экзамене. Ён жа вырашае, колькі малады спецыяліст павінны адпрацаваць у яго.

Ёсць у Абу-Дабі школы асобныя для хлопчыкаў і дзяўчынак. Ёсць і агульныя. У такой пабывалі госці з Беларусі. Аднак тут хлопчыкі традыцыйна сядзяць на першых партах, а дзяўчынкі – ззаду.

Як арабы клапоцяцца пра захаванне нацыі

– Адразу заўважаеш, – дзеліцца Мікалай Яўгенавіч, – што мужчыны ходзяць па вуліцах у прыгожай белай-белай вопратцы. Хадзіць у брудным – грэх. Але там і памазацца няма дзе.

Сталяр за працай

Сталяр за працай

Гасцей усюды сустракалі нацыянальнай кавай. Гэты напой п’юць маленькімі кубачкамі, наліваюць прыкладна па 20 грам. Па правілах этыкету, госць можа выпіць два такія кубачкі. Калі ж вып’е трэці, гэта лічыцца дурным тонам.

Непрыемная сітуацыя, распавёў Мікалай Яўгенавіч, здарылася з казахскай камандай. Адзін з экспертаў, праходзячы па шматлюднай вуліцы, выпадкова дакрануўся да таліі мясцовай жанчыны. Адразу ж выклікалі міліцыю і казахскага калегу дэпартавалі з краіны.

Тут, у мусульманскай краіне, фатаграфаваць жанчын можна толькі ззаду. Мужчын фатаграфаваць можна з іх дазволу.

У Эміратах патрымліваюць шлюбы паміж арабамі. Такой сям’і даюць значную грашовую дапамогу, крэдыты, субсідыі. Арабы вельмі клапоцяцца пра захаванне нацыі.

А грамадзянства тут атрымаць складана. Прасіць яго можна, як пражывеш у краіне 30 год. Але і тады не факт, што ты станеш грамадзянінам Эміратаў.

Дадому вёз духі і ласункі

Кошты на прадукты – розныя, але ў асноўным, вышэйшыя, чым у нас. Так, у піцэрыі за адну піцу аддасі 15-20 долараў, абед у кавярні каштуе 20-30 долараў.

Заданне для муляроў – скласці нешта з архітэктуры Абу-Дабі.

Заданне для муляроў – скласці нешта з архітэктуры Абу-Дабі.

Вялікія супермаркеты, па назіраннях Мікалая Яўгенавіча, амаль не адрозніваюцца ад беларускіх. Хіба што палічка з фінікамі і нацыянальнымі ласункамі ёсць у кожным.

На экскурсіі.

На экскурсіі.

– Якія падарункі прывезлі сям’і? – пытаюся ў субяседніка.

– У Эміратах сваё – толькі нафта, фінікі ды іншыя ласункі, астатняе ўсё прывозяць, – распавёў майстар. – Таму жонцы і дачцэ прывёз фінікі і масляныя духі.

Фотаздымкі забяспечаныя Мікалаем Цалко.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
1.12.2017 22:04
Mihail / Я там был и неоднократно,частично все написанное правда а частично многое враньё.
Дадаць каментар
Новае на сайце