Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Грамадства
5
7.12.2017 14:05 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Ад Германіі мы адсталі гадоў на трыста (Фота)

Брандэнбурскія вароты

Брандэнбурскія вароты.

Такое меркаванне мне давялося пачуць ад сябра, які ў Германіі быў упершыню. Самае дзіўнае, што гэта ўражанне і ў яго, і ў мяне склалася за адзін дзень. І так, адзін дзень з жыцця Берліна.

7:00. На вуліцах можна сустрэць рэдкага раварыста

Нягледзячы на тое, што ў сем раніцы ў Берліне ўжо светла, мінака на вуліцы сустрэць не так і проста. У жылых кварталах цішыня.

Раніцай (а можа на ноч) да смеццевых кантэйнераў немцы выносяць непатрэбныя рэчы. На хвіліначку: амаль новую канапу, яшчэ адну скураную канапу, камп’ютарнае крэсла, у якога ад ножкі адкалоў­ся кавалак пластмасы.

Наш спадарожнік уздыхнуў: “Майго б цесця сюды! Уся дача была б у новай мэблі”.

І ў паветры павісла пытанне, на якое пакуль няма адказу:

– Цікава, а ў Германіі ведаюць, што такое “рамонт адзення” або “перацяжка мэблі”?

Таму што на сметніцах стаяць цэлыя стэлажы, куды можна выставіць непатрэбны абутак. Бярыце што хочаце.

Ёсць у Германіі і “Сэканды Хэнды”. Амаль усё там каштуе 50 цэнтаў. Прынамсі, мяккая цацка ў паўметра была з цэннікам 50 цэнтаў. Гэта на фоне таго, што магніцік у цэнтры каштуе 5 еўра.

8:00. У Берліне адкрываюцца магазіны

Мясцовыя жыхары падпільноўваюць гэты час, каб у пякарні набыць выпечку, якая распахлася на ўвесь раён. Асартымент у крамах уражвае. Тут на садавіну-гародніну адведзена ледзьве не паўмагазіна. Куча нейкіх ягад, травы, садавіны. У кантэйнерах прадаюцца кактэйлі з фруктаў. Заліў ёгуртам – вось табе і карысны сняданак.

Паступова вуліцы запаўняюцца людзьмі і пачынаецца працоўны дзень.

dav

dav

11:00. На элітнай паркоўцы паркуюць выключна ровары

Ровараў тут, насамрэч, шмат. Найбольш вялікія паркоўкі ля метро і каля гандлёвых цэнтраў.

Пракат ровара на суткі каштуе 12 еўра. Калі ўлічваць, што праезд у метро каштуе амаль 3 еўра, то не дзіўна, што раварыстаў на вуліцах усё больш і больш.

І вось што здзівіла. Цэнтр горада, будынак рэйхстага. Месца працы нямецкай улады.  На паркоўцы толькі ровары.

А цяпер паглядзіце на паркоўкі ля выканкамаў у Беларусі?

Дарагіх аўтамабіляў таксама няшмат. Пераважна тут ездзяць малалітражкі і электрамабілі.

Звычайная з’ява на вуліцы ўбачыць аўто на зарадцы.

13:00. Час абедаць

З выбарам месца, дзе перакусіць, у Берліне дакладна праблем няма. Кухня на любы густ: ад традыцыйнай нямецкай і амерыканскіх бургераў да в’етнамскай і нават сірыйскай. Не, смачным быў і сірыйскі суп з нейкага гарбуза і в’етнамская ежа з макароны і капусты з цяляцінай, але лепш за вулічныя нямецкія хот-догі з сасіскай і гарчыцай не было нічога. Каштуе такі хот-дог 2 еўра.

Калі не трэба вяртацца па справах, можна сесці на вуліцы і выпіць піва. Піва, шчыра прызнацца, нейкім асаблівым не падалося. Але піць яго можна хоць у метро, хоць ля рэйхстага, хоць ля Брандэнбурскіх варотаў. Ніхто табе нічога на гэта не скажа. Мне ўвогуле падалося, што тут, у Берліне, немагчыма пачуць слова “нель­га”. Тут можна ўсё. Нават ехаць без білета ў метро. Хаця нас папярэджвалі, што штраф 50 еўра і няведанне нямецкай мовы цябе не вызваліць ад адказнасці. Але нам пашанцавала. Кантралёр, што зайшоў у метро і ўбачыў, што ў нас квіток неналежны, проста папрасіў выйсці на перон і даплаціць 1 еўра 60 цэнтаў. 

bty

bty

А яшчэ нельга не адзначыць, што тут, у Берліне, вельмі высокі ўзровень сацыяльнай адказнасці. У бюро знаходак здаюць кашалькі з грашыма. І гаспадар можа не хвалявацца, што калі ён раптам недзе пакіне свой кашалёк, грамадзяне яго краіны вернуць дакладна.

18:00. Чаму б не пайсці на футбол?

Футбол у Германіі ў параўнанні з футболам у Беларусі – гэта неба і зямля. Нам давялося трапіць на матч нават не вышэйшай лігі, калі гуляла берлінская каманда “Уніён”. Я спыталася ў фаната гэтай каманды, колькі прыкладна заўзятараў прыйдзе на гульню. Немец нават не адразу зразумеў мяне.

– Цэлы стадыён. Як можа быць па-іншаму.

sdr

sdr

Цэлы стадыён, гэта – 22 тысячы гледачоў. Ужо ў метро адчуваецца тое, што ў горадзе сёння футбол. Людзі з шалікамі, у каманднай форме, канешне, з півам.

Ля стадыёна дзвіжуха.

На стадыёне прадаецца піва і глінтвейн, глювайн, як яго называюць мясцовыя.

Кубачкі з-пад напояў прынята здаваць. За кубачак табе вяртаецца адзін еўра.

Нам расказвалі, што сярод заўзятараў існуе негалоснае правіла, пасля матча збіраць кубачкі на стадыёне і здаваць іх. А гэтыя грошы ідуць на падтрымку каманды, якая вымушаная плаціць штрафы за тое, што фанаты на стадыёне паляць фаеры.

А гэта як мінімум 22000 кубачкаў, а п’юць жа падчас усяго матча далёка не па адным келіху піва!

20:00. “Чорная” пятніца ці не “чорная” – магазіны закрываюцца

Так адбылося, што ў Берлін мы трапілі ў “чорную” пятніцу. Але адчуць у поўнай меры нямецкі шопінг не пашанцавала, бо гандлёвыя цэнтры закрываюцца ў восем. І не хвілінай пазней. А ў ня­дзелю ўвогуле вялікія гандлёвыя цэнтры не працуюць. Бо гандляры маюць права на выхадны. А яшчэ я даведалася, што немцы не асабліва парацца наконт таго, да якога часу працуюць магазіны, бо свае буйныя пакупкі яны робяць у інтэрнэце. Таму ў гандлёвых цэнтрах, калі ты раптам камусьці наступіш на нагу, табе адкажуць: “Ай, нічо страшнага”. Свае.

mde

mde

22:00. Начное жыццё Берліна магчыма, калі заўтра не на працу

Проста цікавае назіранне. У чацвер у 22:00 на вуліцах не сустрэнеш ні адной жывой душы, а ў пятніцу не знойдзеш ні аднаго вольнага месца ў кавярні. Немцы ўмеюць і працаваць, і адпачываць пасля гэтага.

А вось калі ім расказваеш пра тое, як у нас, сядзяць, падпёршы рукой шчаку і перапытваюцца: “Беларусы, а вы дакладна з нашай планеты”?

sdr

sdr

mde

mde

Абмеркаваць
Каментар (5) / Дадаць каментар
7.12.2017 21:35
Эдгард / Вельмi цiкавы артыкул, прыгожыя фота. А мы сапрайды адсталi ад многiх краiн, нажаль.
8.12.2017 19:17
Ленька Панцялееў / Краіну сваю трэба абараняць заўсёды на ўсіх міжнародных форумах. Наташа Тур кажа: "Самае дзіўнае, што гэта ўражанне і ў яго, і ў мяне склалася за адзін дзень". Вывучыла Германію за АДЗІН дзень???!! Гітлеру спатрэбілася больш часу...
8.12.2017 23:22
Я / "Ад Германіі мы адсталі гадоў на трыста". І далей: "Такое меркаванне мне давялося пачуць ад сябра, які ў Германіі быў упершыню. Самае дзіўнае, што гэта ўражанне і ў яго, і ў мяне склалася за адзін дзень". Дык здорава! І гэны сябар там упершыню быў. І ты адзін дзень. Вельмі грунтоўныя сабралі звесткі. Малайкі. Абодва падлічылі розніцу паміж Германіяй і Беларуссю. 300 гадоў. Там і заставайцеся.
10.12.2017 21:21
Андрэй / Наталля Тур як заусёды на вышыні! Так далей трымаць!
10.12.2017 21:47
Ленька Панцялееў / Эдгар, на жаль пішацца асобна. І мы сапраўды будзем адставаць ад многіх краін, калі будзем ездзіць па Германіях і не ведаць, што ў Вілейскім раёне згарэла царква.http://www.mlyn.by/2017/12/iz-sgorevshej-tserkvi-v-vilejskom-rajone-spaseny-knigi-i-ikony/
Дадаць каментар
Новае на сайце