Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -5° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -4° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Грамадства
18.12.2017 13:08 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

У маладзечанскай кавярні можна разлічыцца біткойнамі

Мікіта Васілеўскі

Мікіта Васілеўскі .

Біткойны – што гэта за звер? І чаму чалавек, які купіў за іх піцу, кусае сабе локці? Паспрабуем разабрацца ў слове, якое на слыху ледзьве не ў першакласніка разам з маладзечанцам Мікітам Васілеўсікім, які займаецца крыптавалютай ужо два гады.  

Жыццё сучаснага чалавека ў многіх сферах перамясцілася ў віртуальную рэальнасць.

І інтэрнэце мы цяпер не толькі знаёмімся і набываем танныя кітайскія рэчы, але глядзім фільмы, у рэальным часе сочым за падзеямі, якія адбываюцца на другім канцы свету.

Мы прывыклі да гэтага. Таму не дзіўна, што знайшліся людзі, якія захацелі зарабляць у інтэрнэце.

У сувязі з гэтым былі прыдуманыя і лічбавыя грошы, якія нельга ўзяць у рукі. Гэта так званая крыптавалюта, якая бывае розных відаў. Аднак сярод некалькіх дзясяткаў электронных манет найбольшую папулярнасць набылі біткойны. Для іх ствараецца спецыяльны віртуальны кашалёк, а саму валюту можна здабываць, інакш кажучы, майніць. Такі заробак віртуальных грашовых сродкаў сёння вельмі папулярны.

Ужо з’явіліся першыя біткойныя мільярдэры, а курс гэтай валюты расце так імгненна, што не паспяваеш міргнуць вокам. Пра біткойны нават сталі пісаць вершы. Адзін з самых вядомых аўтарства Сяргея Шнурава:

Не встретить

старость мне спокойно.

Это судьба, или стезя?

Все ринулись скупать

биткойны,

И я немножко тоже взял.

Спрабаваць зарабляць на біткойнах можа кожны, але спачатку мы паспрабуем адказаць на пытанне, што ж гэта такое. Адкажам з дапамогай мала­дзечанца Мікіты Васілеўскага, які пачаў займацца крыптавалютай два гады таму. І сёння мае сваю ферму крыптавалюты.

 – Пачалося ўсё ў канцы 2015 года, калі майму сябру на дзень нараджэння падарылі біткойны. Тады і з’явілася цікаўнасць, што гэта.

 Бо тады курс быў ужо 360 долараў, а ў нашай кампаніі быў хлопец, які незадоўга купляў іх па пяць долараў.

Цяпер дзень Мікіты пачынаецца з прагляду старонкі біржы, дзе ён пільна сочыць за курсам гэтай “валюты”.

Па сваёй сутнасці біткойн – гэта электронныя  грошы

Калі казаць простымі словамі, то можна прывесці ў якасці прыкладу торэнты. Яны працуюць па ідэнтычнай схеме. Карыстальнік ўстанаўлівае на сваім камп’ютары  праграму. Уладальнік іншага камп’ютара робіць тое самае. Пры гэтым яны з лёгкасцю могуць адзін аднаму перадаваць розныя файлы. Над імі няма старонняга кантролю. Сістэма біткойнаў і біржы, на якіх іх прапануецца майніць (гэта значыць, здабываць электронныя сродкі), працуюць такім жа чынам.

– Чым жа гэта  валюта такая асаблівая?

– У першую чаргу варта адзначыць, што разлікі канца празрыстыя. Усе плацяжы ў рамках сэрвісу могуць адсочвацца. Уся гісторыя транзакцый у праграме фіксуецца. Яшчэ адно прынцыповае адрозненне біткойна і іншых крыптавалют ад  грошай – лёгкі доступ да іх. Дастаткова толькі стварыць свой электронны кашалёк.  Яшчэ адна асаблівасць крыптавалюты ў тым, што ў ёй няма цэнтралізацыі. Напрыклад, як нацыянальны банк выстаўляе курс валют, курс становіцца цэнтралізаваным. У крыптавалюце такога няма, ніхто не можа блакаваць той ці іншы кошт, неяк карэктаваць колькасць валюты ў сістэме ў цэлым. Ніхто са старонніх карыстальнікаў не можа блакаваць альбо ануляваць плацяжы. Колькасць біткойнаў абмежаваная.

Прынята лічыць, што да 2140 года выпусцяць толькі 21 мільён біткойнаў.

І ўсё, больш іх не бу­дзе, таму можна гаварыць пра тое, што курс гэтай валюты будзе расці і надалей.

Сёння біткойны – гэта прамысловая валюта. Каб валодаць хаця б адным біткойнам, 7 снежня трэба было выкласці амаль 12 тысяч долараў.

– Я ездзіў на семінары па біткойнах у Мінск, – працягвае Мікіта, – у іх удзельнічаў мужчына, які прадаў сваю трохпакаёвую кватэру і купіў біткойны. Дык вось цяпер ён можа купіць сабе тры трохпакаёўкі. Сярод ­удзельнікаў семінара было шмат лю­дзей узростам каля 50 гадоў, якія зарабляюць на біткойнах, каб забяспечыць сабе бязбедную старасць.

Свае ж біткойны Мікіта патраціў на тое, каб з’ездіць з жонках на адпачынак.

– А я ведаю людзей, якія патрацілі свае біткойны на нейкія забавы: гульні, замову ежы.

Мікіта працуе барменам у адной з маладзечанскіх кавярняў. І ён быў ініцыятарам таго, што ў кавярні можна было разлічвацца біткойнамі.

– Ну, гэта не зусім разлік. Тут іншая схема, але па факце так, мы рабілі чалавеку 100% зніжку, а ён пераліваў нам сатошы – гэта як капейка, толькі ў біткойнах. Доля біткойна. Названая па імені стваральніка біткойна Сатошы Нікамота.

Вяртаючыся да гаворкі пра тое, чаму біткойн сёння – гэта прамысловая валюта, Мікіта кажа, што, каб майніць (здабываць) біткойны, патрабуецца вялізная магутнасць камп’ютараў. І, як вынік, – вялікія энергазатраты.

– У мяне была невялічкая ферма біткойнаў, дык гэта ферма раўла як самалёт, немагчыма было знаходзіцца ў кватэры. Давялося ферму прадаць. Цяпер я займаюся эфірыўмамі.

Майніць біткойны цяпер выгадна таму, хто мае доступ да таннай электра­энергіі. Хаця я думаю, што адзіны спосаб зарабляць на біткойнах у Беларусі – гэта гуляць на біржы.

Што такое майнінг і блокчэйн?

Усе нармальныя лю­дзі, якія хочуць мець біткойны, абавязкова зададуцца пытаннем: а як самому зарабіць гэту валюту? Гэта і называецца майніць, або зарабляць. Адпаведна, сама працэдура здабычы называецца майнінгам.

Па сваёй сутнасці майнінг біткойнаў – гэта метад перабору лікаў. Для кожнага з іх вылічаецца хэш. Калі падабраны варыянт адказвае вызначанаму шаблону, то карыстальнік атрымлівае новую адзінку лічбавай валюты. Менавіта так і ажыццяўляецца здабыча біткойнаў.

Аднак варта ўлічваць, што шаблон можа быць рознай складанасці. Лічыцца, што з часам майніць будзе ўсё складаней.

– Ужо сёння адна транзакцыя затрачвае энергіі столькі, колькі б затраціў адзін дом у суткі, у якім жыве сям’я з трох чалавек.

На рынку з’яўляецца попыт на фермы, цэны на іх, адпаведна, узлятаюць уверх.

Тэхналогія блокчэйн – гэта неад’емная частка майнінга крыптавалюты. Па сваёй сутнасці, яна з’яўляецца інструментам, на базе якога карыстальнікі імкнуцца здабываць лічбавыя грошы.

Калі казаць самымі простымі словамі, то блокчэйн-тэхналогія выступае велізарнай базай дадзеных. Яе асаблівасць заключаецца ў тым, што яна выдатна абароненая ад узлому. Пры гэтым поўную копію гэтай базы атрымлівае кожны майнер. Праўда, даецца карыстальнікам яна ў зашыфраваным выглядзе.

Якія перспектывы ў крыптавалюты?

– Я мяркую, што курс біткойна будзе расці. Хаця некаторыя мае сябры, якім я расказваў пра гэта, адмахваюцца і параўноўваюць біткойны з МММ.  У будучыні, як адзначаюць многія эксперты, біткойн дасць магчымасць добра зарабіць на таргах.

– Ці можа так здарыцца, што крыптавалюта абясцэніцца?

– Гэта адно з самых распаўсюджаных пытанняў. У тэорыі, канешне, магчымы і рост курса, і яго падзенне. Аднак добрая дынаміка, уцягнутасць у праект вялікай колькасці карыстальнікаў, адсутнасць дзяржаўнага кантролю і інфляцыі не дадуць гэтаму адбыцца.

Лічыцца, што забарону  біткойнаў уладамі можна параўнаць хіба што з забаронай на само выкарыстанне інтэрнэту.

 Так што наўрад ці электронная валюта ў найбліжэйшай будучыні страціць сваю папулярнасць і выйдзе з віртуальнага абароту.

 – А ў Беларусі, да таго ж, айцішнікам плануюць даць зялёнае святло. Варта ўсё ж павучыцца абыходзіцца з біткойнамі і іншай крыптавалютай. Тым больш, для гэтага цяпер ладзіцца шмат семінараў, ёсць відэаўрокі, навучанне на сайтах накшталт “Форэксу” і гэтак далей. Так што зарабляць на біткойнах, сапраўды, зможа кожны.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце