Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -6° Вілейка
Смаргонь -6° Смаргонь
Ашмяны -6° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -6° Мядзел
Астравец -6° Астравец
Грамадства
Вілейка
29.12.2017 16:47 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Нямецкіх сяброў частавалі баршчом і дранікамі Паэт і перакладчык з Вілейшчыны прыгадвае паездку ў Германію ў 1991 годзе

з Барысам Кітом у Франфуркце-на-Майне

з Барысам Кітом у Франфуркце-на-Майне.

У 1991 годзе ў Германію паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч ехаў не ўпершыню. Аднак і на гэты раз было чаму здзівіцца: каля сотні гатункаў кілбасы ў магазіне, невядомыя тады яшчэ ў Беларусі гамбургеры з Макдональдса.

Тады сябры Уладзіміра Антонавіча, сям’я Хайнэке, запрасіла прыехаць пісьменніка разам з жонкай Ларысай. У Папковіча нават і сёння дакумент той ёсць –  „Aufforderung”, што значыць “Запрашэнне”.

За візай муж і жонка паехалі ў Маскву.

– Калі прыехалі туды ў сярэдзіне жніўня,  убачылі перад варотамі пасольства такі вялізны натоўп, што нас, без досведу і не вельмі рашучых у такіх сітуацыях, ахапіў жах.  Як туды праб’ешся? –  прыгадвае Уладзімір Антонавіч.

Але праз нейкі час выйшаў супрацоўнік і аб’явіў, што хвалявацца не трэба, сёння пасольства прыме ўсіх. Неўзабаве наведнікаў запрасілі ў будынак, яны запоўнілі паперы. А праз два дні атрымалі візы.

Пірог з вішняй нагадваў пра родны Дварэц

Тое падарожжа па Германіі пачалося з Кёльна. Папковічаў сустрэлі Клаўс і Урсула Хайнэке, адразу адвялі ў прывакзальную кавярню.

 Падчас гэтага падарожжа было шмат абедаў у кавярнях. Нямецкія гаспадары звычайна замаўлялі сабе салату. А Папковіч браў пірог з вішняй:

– Гэта як напамін пра родны кут. Вельмі ж смачныя вішні раслі ў нашым Дварцы на Вілейшчыне.

Жанчыны звычайна замаўлялі марожанае. Дзівіла тое, што ў кавярнях – сотні наведнікаў, а амаль усе афіцыянты – мужчыны.

У першыя дні падарожжа гасцей з Беларусі павялі ў прадуктовы магазін у Браўнфэльсе:

– Процьма прадуктаў! Кілбасы, садавіна, гародніна. На адным падносе – 30 гатункаў кілбасы, а такіх падносаў – чатыры ці пяць, – эмацыйна распавядае Уладзімір Антонавіч.

Хайнэке прапанавалі Ларысе Папковіч выбраць прадукты, каб потым прыгатаваць беларускі абед. Нямецкіх гаспадароў беларусы частавалі баршчом і дранікамі.

З калегамі ў Кёльне.

З калегамі ў Кёльне.

– Я заўважыў, што немцы высока цэняць чалавека, які нешта ўмее. Як, напрыклад, Ларыса: не толькі боршч зварыць, але і стол упрыгожыць, і кветкі падабраць для стала, –  дзеліцца Уладзімір Антонавіч.    

Захапілі цікавосткі Франкфурта-на-Майне

У адзін з дзён Папковічаў павезлі ў Франкфурт-на-Майне. Шмат хто са знаёмых старэйшага пакалення у 1970-80-х гадах быў у Франкфурце-на-Одэры. Хтосьці з начальства не адзін раз. А вось на Майне...

Мой субяседнік распавёў, што горад называюць яшчэ Банкфурт, таму што гэта дзелавая і фінансавая сталіца Еўропы. Будынкі банкаў відаць здалёк, яны вышэйшыя за самыя высокія новыя забудовы ў горадзе.

Майн цячэ спакойна, праз яго вядуць лёгкія, ажурныя масты, а за Майнам – раён Заксэнхаўзэн з яго музеямі ўздоўж берага ракі.

Шмат славутасцяў горада тады прыцягнула ўвагу беларускіх гасцей. Гэта кайзераўскі палац, у якім ад 1562 года ладзілі банкеты пасля каранавання каралёў. У ім жа галерэя партрэтаў каранаваных асоб.

 А далей – царква святога Паўла, у якой пасля рэвалюцыі 1848 года адбываліся першыя пасяджэнні Нямецкага Нацыянальнага сходу, першага парламента Германіі і там жа была прынятая першая нямецкая Канстытуцыя.

Усе цікавосткі блізка, усё ў старым горадзе: і гандлёвая вуліца Цайль, самая ажыўленая ў Франкфурце, і бацькоўскі дом пісьменніка Вольфганга Гётэ, дзе ён нарадзіўся ў 1749 годзе.

Сюды Ларыса і Уладзімір Папковічы зайшлі на экскурсію.

– Нас сустрэла пажылая, даволі важная немка, якая ведае праграму экскурсіі на памяць і не адыходзіць ад яе, бо час абмежаваны, – прыгадвае Папковіч.

Прафесар у гумовых ботах і саламандры ў склепе

У горадзе Айторфе Папковічы гасцявалі ў сям’і Брыскорн. Хайдрун Брыскорн, музыкант аркестра Кёльнскага радыё, некалі была ў Віцебску. І Папковіч суправаджаў групу як перакладчык. Так і пазнаёміліся.

Домік сям’і Брыскон стаяў на ўскраіне лесу. З шашы трэба ехаць па простай прасёлачнай дарозе, дзе машыны ходзяць рэдка, як у нас з вёскі ў вёску. Каля дома гасцей сустрэў прафесар Эгбэрт Брыскорн. Уладзіміру Антонавічу асабліва запомнілася, што той быў у гумовых ботах.

Ля Дома гісторыі ФРГ.

Ля Дома гісторыі ФРГ.

Па словах Папковіча, Брысконы – незвычайная сям’я. Прафесар Эгбэрт Брыскорн працаваў у Боне ва ўніверсітэце, дзе выкладаў матэматыку. Фраў Хайдрун Брыскорн іграла на альце ў аркестры. Не проста заняць вакантнае месца ў гэтым аркестры, бо бываюць конкурсы па некалькі соцень прэтэндэнтаў.

На працу яны ездзілі кожны на сваёй машыне. Прыкладна аднолькавая адлегласць, што да Бона, што да Кёльна – недзе каля 60 кіламетраў.

Брыскорны – вегетарыянцы і сапраўдныя рупліўцы за зберажэнне прыроды. У іх у склепе жывуць саламандры.

А калі  аднойчы Брыскорны з Папковічамі ехалі па іхняй прасёлачнай дарозе да шашы пасля дажджу, фраў Брыскорн вяла машыну так, каб перад ёй можна было паціху ісці пешшу. Прафесар матэматыкі ішоў, пільна ўглядаючыся ў дарогу. Калі там траплялася маленькая жабка, ён браў яе ў рукі і пяшчотна пераносіў на ўзлесак, дзе яна не магла ўжо трапіць пад колы.

– У той час у мяне, магчыма, і выклікала ўсмешку, такая сентыментальнасць, – згадвае Папковіч. – Прыпаміналіся нашы дзіцячыя забавы, калі мы клалі ўпоперак бервяна дошку, на адзін канец усаджвалі жабу з сажалкі, а па другім білі нечым цяжкім, і жаба, раскінуўшы лапкі, узлятала высока ў неба.

Цяпер Уладзімір Антонавіч перакананы, што гэта дзікунства. Кажа, што яму сапраўды сорамна:

– Колькі мы, беларускія паэты, напісалі вершаў пра родны край і спакойна далі і даём нішчыць жывое ў нашых палях і лясах. Хаця, здаецца, і нішчыць ужо мала чаго засталося.

Як немцы не дазволілі пакаштаваць гамбургер

Гуляючы па Айторфе,  пісьменнік з Беларусі ўбачыў Макдональдс і сказаў, што было б здорава пайсці і пакаштаваць гамбургер. У нас такога яшчэ не было. Хайдрун вельмі здзівілася тады: “Ты, інтэлігентны чалавек, еў бы гамбургер? Без відэльца і нажа запіхваць у рот гэты амерыканскі прадукт, зроблены невядома з чаго? Не, не  і не!”

У Айторфе зладзілі сустрэчу Уладзіміра Папковіча з нямецкімі гімназістамі 12-13 класаў. Дзеці задавалі пытанні пра тое, што будзе з Савецкім Саюзам, рэспублікамі, Беларуссю, ці ёсць атамная зброя на тэрыторыі Беларусі, а калі ёсць, то што з ёй будзе?

–  У мяне не запісана, што я ім адказваў, –  кажа Папковіч. –  Але ведаю, што не спрабаваў неяк выкруціцца, загладзіць праблемы, якіх тады хапала, да вырашэння якіх мы і сёння не прыйшлі яшчэ канчаткова. І сёння мне адказы, думаю, даваліся б куды цяжэй.

У Германіі Папковіча, звычайнага выкладчыка ўніверсітэта, чамусьці называлі прафесарам. Спачатку ён спрабаваў аднеквацца, а потым махнуў рукой.

За вячэрай шмат гаварылі пра гісторыю Германіі. Прафесар Брыскорн прыгадваў свае маладыя – 1960-я гады. Рэвалюцыйны уздым у студэнтаў. Падзеі ў Германіі, у  Чэхаславакіі.

– А мне не было што распавесці пра тыя часы, – кажа Уладзімір Антонавіч.

У 1990-я, расказаў гер прафесар, у тых дарослых палымяных некалі рэвалюцыянераў – самазадаволенасць і застой.

– Я здзіўляюся. Які застой? Вось у нас быў застой, дык застой.

А яшчэ ў адной з размоў прафесар Брыскорн спытаў у Папковіча: “Для мяне загадка. Адкуль такая незразумелая сімпатыя немцаў да рускіх?”

–  Я – беларус, –  адказаў Уладзімір Антонавіч.

 На тым і разышліся.

Фота facebook.com

Пасольства ФРГ у Беларусі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце