Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -6° Вілейка
Смаргонь -6° Смаргонь
Ашмяны -6° Ашмяны
Валожын -5° Валожын
Мядзел -6° Мядзел
Астравец -6° Астравец
Грамадства
29.12.2017 17:24 ,AЎТАР(Ы): Эмілія ХВОЯ

Якія стравы паставіць на навагодні стол, каб сімвал года быў да вас лагодны (Рэцэпты)

Фота vkysnie-resepti.ru.

2018 год апякуе Жоўты Земляны Сабака. Таму аздабленне стала варта вытрымаць ў жоўта-аранжавых колерах.

Пажадана, каб стол быў небанальны, таму калі вашы дамашнія ніяк не змогуць без “Аліўе” і “Селядца пад шубай”, паспрабуйце іх падаць незвычайна. Напрыклад, сервіруйце ў індывідуальныя прыгожыя салатнікі формачкай – ёлкай, зоркай ці хаця б цыліндрам. А “шубу” можна прыгатаваць у выглядзе рулета.

Абавязкова на стале павінны быць зеляніна і гародніна. Для дэсерта падрыхтуйце духмяную выпечку з рознымі начынкамі. А сярод напояў аддайце перавагу кактэйлям на розны густ ці глінтвейну. Асноўныя гарачыя стравы рабіце без лішку тлушчу і алею.

Соусы прыгатуйце самі – часночны, сырны, грыбны ці таматны, а лепш адразу некалькі. Не варта рабіць стол залішне вострым.

Раім асабліва не захапляцца вялізнай колькасцю страў на стале. Абярыце галоўную мясную страву, рыбную і мясную закуску, сырную, гароднінную і фруктовую талеркі, дзве салаты і дэсерт. Даверце нескладаныя аперацыі мужу і дзецям, а самі гаспадыні павінны прысвяціць сабе дастаткова часу, каб бліскаць у чароўную ноч, як фея.

Не варта рабіць і тазікі салаты. Зрабіце столькі, каб хапіла на гасцей і гаспадароў. Лепш падрыхтуйце страву на 1 студзеня, напрыклад, замарозьце піцу ці кілбаскі, якія зможаце хутка прыгатаваць і частавацца свежым. І не забудзьце пра некалькі літраў мінералкі і парачку пласцінак аспірыну.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Салата з алеем “Скарб Павілля”

Склад: набор некалькіх відаў салаты, напрыклад, рукалы, айсберга і рамана – 200 г, памідоры чэры – 100 г, 1 свежы агурок, бляшанка кансерваваных шампіньёнаў, 1 курыная грудка, цвёрды сыр – 50 г, соевы соус, алей, лімонны сок, соль, перац.


У салатнай талерцы перамяшайце парваныя лісты салаты, парэзаныя папалам памідоры і парэзаны саломкай агурок. Пасаліце і паперчыце, дадайце лімонны сок, соевы соус і алей, перамяшайце.

Парэжце філе без скуркі на невялікія кавалачкі і засмажце да скарыначкі, прыправіўшы соллю і перцам. Выкладзіце ў салату. Засмажце грыбы і пакладзіце ў талерку. Усё перамяшайце. Пакуль курыца і грыбы цёплыя, пасыпце цёртым сырам. Ешце гэту салату першай, яна смачнейшая, калі грыбы і мяса яшчэ цёплыя. Можна іх пад­смажыць раней, а перад застоллем разагрэць.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Салата з маянэзам “Костка ўдачы”

Склад: ялавічына – 100 г, морква па-карэйску – 100 г, марынаваныя агуркі – 100 г, яйкі – 4 штукі, цыбуля – 2, маянэз, лаўровыя лісты і духмяны перац гарошкам, соль, молаты перац і алей.


Адварыце ялавічыну з духмяным перцам, лаўровым лістом прыкладна за 40 хвілін. Астудзіце і парэжце саломкай. Парэжце цыбулю і падсмажце на алеі да залацістага колеру. Бялкі аддзяліце ад жаў­ткоў і надзярыце на дробнай тарцы. Нарэжце саломкай агуркі.

У талерцы змяшайце ялавічыну, агуркі, моркву, цыбулю і жаўткі, прыпраўце маянэзам. Выкладзіце на плоскую талерку у выглядзе косткі, пасыпце бялком. Па баках выкладзіце зеляніну.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Рыбная закуска “Свірская сняжынка”

Склад: цвёрды сыр – 100 г, кальмары – 3, вараныя яйкі – 2, маянэз і зялёная цыбуля.


1-2 хвіліны адварваем кальмараў пад накрыўкай. Больш трымаць нельга, таму што мяса стане цвёрдым. Націраем асобна жаўткі і бялкі на дробнай тарцы. Дробна рэжам кальмараў і цыбулю, змешваем іх, дадаём жаўткі і маянэз.
На іншай талерцы змешваем сыр і бялкі. З масы з кальмарамі робім шарыкі і ўкочваем у бялкі з сырам. Шарыкі можна пакласці ў спецыяльныя папяровыя падставачкі, каб яны нагадвалі цукеркі “Рафаэла”.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Закуска “Ашмянскі аганёк”

Склад: салямі – 15 тонкіх прыгожых скрылікаў, сыр – 50 г, чарнасліў – 15 штук, часнок – 3 зубкі, маянэз, кроп, лісце салаты.


Замачыце чарнасліў на 20 хвілін, прамыйце. У талерку надзярыце сыр, дадайце дробна парэзаны чарнасліў, выціснуты часнок і пасечаны кроп. Запраўце маянэзам і перамяшайце.

Выкладзіце масу лыжачкай на скрылёк салямі, размяркуйце начынку, закруціце рулецікам. Калі трэба, прымацуйце зубачысткай. Пастаўце ў халадзільнік на 30 хвілін. Выкладзіце на талерку з салатай.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Фота vkysnie-resepti.ru.

Галоўная страва “Смаката”

Склад: свіныя рэбры – 700 г, соевы соус – 10 сталовых лыжак, 1 лімон, таматная паста – 70 г, мёд – 2 сталовыя лыжкі, часнок – 3 зубкі, прыправы для мяса, алей.


Змяшайце сок лімона, палову меры соевага соусу і лыжку алею. Дадайце выціснуты часнок, прыправы і лыжку таматнай пасты. Рэбры абмажце марынадам і пакладзіце ў халадзільнік на некалькі гадзін, а лепш на ноч.

Замарынаваныя рэбры пакладзіце ў рукаў для запякання і выпякайце 40 хвілін пры 180-200 градусах.

У патэльні змяшайце 5 лыжак соевага соусу, мёд, таматную пасту і некалькі лыжак вады. Кіпяціце глазур некалькі хвілін на моцным агні. Калі маса будзе загустая, дадайце больш вады.

Абмажце рэбры глазурай і пакіньце у духоўцы адкрытымі на 10-15 хвілін. Падавайце з запечанай па-сялянску бульбай.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце