Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -5° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Спорт
3.01.2018 11:06 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Хакеісты ХК "Дынама-Маладзечна" вераць у Дзеда Мароза і чакаюць навагодніх цудаў

Хакеіст “Дынама-Маладзечна” Ягор Воранаў прызнаецца, што да сёння верыць у Дзеда Мароза і Снягурачку

Хакеіст “Дынама-Маладзечна” Ягор Воранаў прызнаецца, што да сёння верыць у Дзеда Мароза і Снягурачку. Фота Наталлі Тур.

А пагутарылі з хакеістамі “Дынама-Маладзечна” на ранішніку, які хлопцы правялі разам з гадаванцамі маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. 

Хакеісты разам з дзецьмі і іншымі гасцямі свята перажывалі за галоўных герояў спектакля, у якіх хітрая ліса скрала гадзіннік. А як без гадзінніка надыдзе Новы год? Радаваліся, калі вучоны кот падказаў, дзе ж шукаць згубу. Вадзілі карагод разам з Карлсанам, Фрэкен Бок, Сабачкам, іншапланецянамі.

Разам звалі Дзеда Мароза, які з’явіўся ў канцы спектакля і на лік: раз-два-тры запаліў яліначку.

Потым былі песні і падарункі. Ну і, канешне ж, салодкі стол.

Торты разам з дзецьмі ўміналі і хакеісты. Пры гэтым, ці то ад атмасферы, ці ад таго, што дзеці дазволілі памераць свае касцюмы, ці ад таго, што торт быў вельмі смачны і салодкі, у нас з хакеістамі Ягорам Воранавым, Віталем Кірушчанкам, Іллёй Летавым, Андрэем Бялевічам і Аляксандрам Асіпковым атрымалася вельмі душэўная размова.

– У дзіцячым садку на ранішніках даводзілася быць выключна зайчыкам, – прызналіся Ягор Воранаў, Віталь Кірушчанка і Ілля Летаў.

Маленькаму ж Сашу Асіпкову ў дзіцячым садку давялося прымераць на сябе вобраз Шкаўкунчыка.

– А вось у школе на ранішніках быць не давялося нікім, – прызнаецца Аляксандр, – бо ў трэцім класе пайшоў займацца хакеем і падчас навагодніх святаў прападаў на трэніроўках і гульнях.

– Новы год цяпер адрознівацца ад тых, дзіцячых?

– Ну, тым, што ён пройдзе ў трэніроўках, – кажа Ілля Летаў, – ад дзіцячых адрозніваецца не вельмі. 28 снежня мы згуляем апошнюю гульню ў гэтым сезоне, потым да 2 студзеня нас адпусцяць дадому, адзначыць Новы год з роднымі і блізкімі. А 2 студзеня ўжо трэніроўкі, так што не асабліва і расслабішся, бо будзе пасля цяжкавата ўваходзіць у форму.

Хакеісты адзін з адным пагаджаюцца ў тым, што Новы год трэба адзначаць з блізкімі і роднымі.

– На святы я паеду да мамы ў Магілёў, – кажа Ягор Воранаў, – там у яе і ялінка ўпрыгожаная, і стол святочны, і падарункі падрыхтаваныя.

– Чакаеце ў падарунак чагосьці асаблівага?

– Не, – прызнаецца Андрэй Бялевіч, – галоў­нае, каб у родных усё было добра і каб яны заставаліся побач і ў наступным годзе.

– А я не адмовіўся б ад машынкі ці верталёта на пульце, – кажа Ілля Летаў.

І з ім пагаджаецца Аляксандр Асіпкоў.

Згодныя хакеісты адзін з адным і з выбарам навагодніх песень. Любімыя ў іх пра ёлачку, пра зіму, якая жыла ля лесу і саліла снежкі, пра навагоднія цацкі.

– А ў Дзеда Мароза верыце?

– Да гэтага часу веру, – кажа Аляксандр, – хоць разумею, што пад барадой Дзеда Мароза хаваецца акцёр, але трапятанне, калі ён заходзіць у пакой і крычыць : “Хо-хо-хо”, такое ж, як у дзяцінстве. І на сённяшнім ранішніку адчуў, як ра­зам з Дзедам Марозам у пакой увайшоў святочны настрой.

– А ў нас у сям’і, – расказвае Андрэй Бялевіч, – ролю Дзеда Мароза выконваў бацька. Да гэтага часу дома захоўваецца яго барада і шапка. Вось сам я стану бацькам, тады абавязкова дастану з шафы ўбор бацькі, каб падарыць сваім дзецям навагоднюю казку. Я зраблю ўсё, каб дзеці даўжэй верылі ў Дзеда Мароза. Гэта ж крута! 

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце