Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -5° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Грамадства
4.01.2018 16:51 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

12 самых знакамітых сабак у гісторыі

Фота з сайта onliner.by.

2018 год – год Сабакі. Ніхто не будзе спрачацца, што сабака – самы лепшы, самы верны, самы адданы сябар. Пра іх пісалі песні і цэлыя раманы, ім ставяць помнікі і здымаюць кіно, а іх унёсак у сусветную гісторыю цяжка пераацаніць.

Мы таксама вырашылі нагадаць пра самых знакамітых сабак і скласці своеасаблівы каляндар, дзе ў кожным месяцы будзе свой герой.

Студзень. Белка і Стрэлка

Мы не маглі не пачаць год з сабак, якія вядомыя ва ўсім свеце. Гераічныя Белка і Стрэлка. І хаця яны паляцелі ў космас 19 жніўня 1960 года, але памятаем, што Белка і Стрэлка былі не першымі сабакамі ў космасе. Іх “калега”, сабака Лайка, паляцеў у космас у 1957 годзе, і, на вялікі жаль, яго палёт быў у адзін канец. У космасе, абляцеўшы чатыры віткі вакол зямлі, ён памёр ад перагрэву. Затым у космас адправілі Чайку і Лісічку, але і яны гераічна загінулі. Стрэлка палёт пераносіла больш спакойна, чым яе напарніца Белка, і, вярнуўшыся на зямлю, нарадзіла яшчэ шчанюкоў. Аднаго з іх Мікіта Хрушчоў падарыў жонцы Джона Кенадзі Жаклін.

З Белкай і Стрэлкай фатаграфавалася шмат знакамітасцяў. На здымку амерыканскі піяніст Ван Кліберн.  

Люты. Сабакі Паўлава

Яшчэ адзін зімовы месяц прысвецім гераічным сабакам акадэміка лаўрэата Нобелеўскай прэміі Івана Паўлава. Яго сабакі сталі настолькі знакамітымі, што выраз “сабака Паўлава” ўспрымаецца як прыказка. Пагадзіцеся, мы ўсе крышку сабакі Паўлава, калі, напрыклад, шарым па сцяне ў пошуках выключальніка, толькі пасля ўспамінаем, што электрык перанёс яго на другую сцяну.

Кажуць, што ні адна з 300 падвопытных сабак Паўлава не памерла заўчасна. Усе яны, прааперыраваныя, жылі да старасці ў сваім сабачым "санаторыі", што месціўся ля дома акадэміка Паўлава. 

Сакавік. Хаціка

Яшчэ адзін сусветна вядомы сабака. Сімвал адданасці і вернасці – сабака пароды акіта-іну Хаціка.

Гісторыя гэтага сабакі, без перабольшання, прымусіла плакаць увесь свет. Ён 10 гадоў пасля смерці свайго гаспадара чакаў яго на станцыі, адкуль той кожны дзень ездзіў на працу. На японскай мове Хаціка – значыць, восьмы. Ён быў восьмым шчанюком у вывадку. Гаспадар, прафесар універсітэта, і яго гадаванец былі разам зусім нядоўга. Калі Хаціку было ўсяго 9 месяцаў, прафесар памёр ад інфаркту.

Хаціка яшчэ пры жыцці стаў нацыянальным героем. І на адкрыцці помніка самому сабе прысутнічаў.

Ён памёр, калі яму было 11 гадоў. Здарылася гэта 8 сакавіка 1935 года. А ў 2008 годзе выйшаў фільм “Хаціка. Самы верны сябар” з Рычардам Гірам у галоўнай ролі. Паглядзіце, мы ўпэўненыя, што плакаць вы бу­дзеце не менш, чым ад савецкага фільма “Белы Бім, Чорнае Вуха”.

Красавік. Белы Бім

Яшчэ адна шчымлівая кінагісторыя пра сабаку. Бясспрэчна, шэдэўр савецкага кіно. І Вячаслаў Ціханаў, і Бім сыгралі сваю ролю бездакорна. Прызнаюся, што я фільм паглядзела яшчэ ў дзяцінстве, і толькі адзін раз, бо не змагла больш перажываць такіх моцных эмоцый, якія не пакідаюць гэты фільм. Абавязкова паглядзіце яго з дзецьмі. Ён лепш за ўсе падручнікі ў свеце вучыць быць чалавекам, не быць раўнадушным, паказвае, што такое спачуванне і што такое под­ласць. Калі вы не саромеецеся плакаць наўзрыд і вам знаёмыя пачуцці невыноснага жалю, гля­дзіце гэты фільм.

Май. Ад Мухтара да сабакі Баскервілей

Ужо зразумела, што самых вядомых сабак падарыў нам кінематограф. Таму мы вырашылі прыгадаць, што сабакі станавілася героямі ваенных фільмаў, “Чатыры танкісты і сабака”, напрыклад, фільмаў пра паліцэйскіх, легендарны “Камісар Рэкс” і рускі фільм “Прыгоды Мухтара”. Сабака быў галоўным героем камедый: “Бетховен”, напрыклад, і дэтэктываў. Жудасны сабака Баскервілей вядомы ўсім. А савецкі фільм “Да мяне, Мухтар!”. Памятаеце, якая нялёгкая служба была ў міліцэйскага сабакі Мухтара? А гэта ж выдуманыя прататыпы сапраўдных гераічных сабак.

kinopoisk.ru

kinopoisk.ru

Чэрвень. Джульбарс

Адзіны сабака, які меў медаль за “За баявыя заслугі” падчас Другой сусветнай вайны. Легендарны і гераічны сабака, які знайшоў за час сваёй службы больш за 7 тысяч мін і каля 150 снарадаў. Джульбас прысутнічаў пры размініраванні магілы Тараса Шаўчэнкі і Уладзімірскага сабора ў Кіеве. Некаторыя крыніцы пішуць, што Сталін загадаў на парадзе Перамогі несці параненага Джульбарса на сваім кіцелі.

Ліпень. Дзіна

Яшчэ адзін гераічны сабака, які “ваяваў” у Беларусі, удзельнічаў у размініраванні Полацка. У аўчаркі Дзіны былі тры ваенныя спецыяльнасці: мінёр, знішчальнік танкаў і дыверсант. Адна з аперацый з яе ўдзелам увайшла ў гісторыю: “Восенню 1943 года паспяхова выкананая баявая задача: сабака выскачыў на рэйкі перад нямецкім воінскім эшалонам, які набліжаўся, Дзіна скінула паклажу з зарадам, зубамі вырвала чаку капсулі-запальніка, затым скацілася з насыпу і памчалася ў лес. Яна была ўжо побач з мінёрамі, калі грымнуў выбух, які падарваў эшалон”.

Жнівень. Шарыкаў

Пакінулі свой след сабакі і ў літаратуры. Ну, хто не ведае Шарыкава з “Сабачага сэрца” Міхаіла Булгакава? Але, калі сабака пераўтвараецца ў чалавека, нічога добрага з гэтага не выходзіць, таму мы сабак і любім за тое, што яны “прыгажуны! Вельмі магчыма, што бабуля гэтага сабакі зграшыла з вадалазам”.

Верасень. Сабака Радзівілаў

У Беларусі ёсць помнік гераічнаму сабаку, які выратаваў на паляванні свайго гаспадара, князя Радзівіла. Стаіць гэты помнік у Нясвіжы. На паляванні на князя накінуўся мя­дзведзь, і сабака адцягнуў ўвагу драпежніка ад свайго гаспадара. Чалавека выратаваў, а сам загінуў. Вось такая трагічная гісторыя.

Кастрычнік. Беларускі ганчак

Сабака Радзівілаў, напэўна, не быў пароды беларускі ганчак, таму што адраджэннем гэтай пароды заняўся маладзечанец Уладзімір Лазарэнка ў 2005 годзе. Уладзімір расказваў, што беларусы здаўна вырашалі спрэчныя пытанні падчас палявання. Таму сабака, у якога будуць беларускія карані і абавязкова беларуская мянушка, павінны быць. І ўсё тут!

 Лістапад. Босік

Дварняка Босік, магчыма, і не дацягвае да звання самага вядомага сабакі ў свеце. Але менавіта Босік са Слуцка стаў героем 2017 года. Відэа, дзе ён спрабуе ўратаваць ката, якога збіла машына, хутка абляцела ўвесь беларускі інтэрнэт. А Босік стаў прыкладам таго, што сабакі верныя не толькі людзям, але і сваім сябрам – катам. А тое, што гавораць людзі “сябруюць як котка з сабакам”, даўно няпраўда. Вучыцеся ў Босіка.

Снежань. Люсі

А закончыць хіт-парад сабак мы б хацелі вядомай песняй, якую гадоў, пэўна, 30 таму выконваў Радзівон Газманаў. Памятаеце песню пра сабаку, якая жыла ў двары і была любіміцай усёй дзетвары? “О-о-о-о-о, Люсі”. З песні мы памятаем, што Люсі ў канцы вярнулася ў двор са шчанюкамі, а вось што адбылося з сабакам з песні Шаінскага, так і невядома. “Пропала собака по кличке Дружок”.

У 2018 годзе мы вам жадаем не губляць сваіх гадаванцаў, а вучыцца ў іх адданасці, вернасці і чалавечнасці. І хай усе Хацікі дачакаюцца свайго гаспадара.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце