Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -5° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Беларусь
7.01.2018 19:45 ,AЎТАР(Ы): Паводле Нашай Нівы

Смерць дзіцяці ў Нясвіжы: спачатку дактары недаацанілі сур'ёзнасць, пасля рэанімабіль ехаў чатыры гадзіны

Фота ria.ru.

Шасцімесячны Арцём Грыцкевіч памёр ад няяснай пакуль хваробы.

"Нашай Ніве" сталі вядомыя абставіны трагедыі, віна за якую, імаверна, ляжыць на дактарах.

Сям'я Грыцкевічаў жыве ў Снове  – узорным аграгарадку ў Нясвіжскім раёне.

 – Пад вечар 3 студзеня ў сына трохі  – да 37 – паднялася тэмпература, шчокі пачырванелі, – расказала нам яго маці Алена. – На наступны дзень мы пайшлі да доктара. Тэмпература перад прыёмам – ужо 38,2. Тэрапеўт глянула горла, паслухала і кажа: прайдзіце ў пакой для здаровага дзіцяці, гэта ў вас зубы рэжуцца. Паказвае мне на тое месца ў роце, дзе кутнія зубы растуць, і кажа: "Бачыце, там дзясна таўсцейшая? Гэта зубы лезуць, не хвалюйцеся". Тут варта сказаць, што тэрапеўта нам нядаўна замянілі – дзяўчынка пайшла ў дэкрэт, а на яе месца прыслалі іншага. І вось гэты чалавек працуе тэрапеўтам і не ведае, што першыя вылазяць разцы?!

Жанчына кажа, што тэрапеўт не прызначала аналізаў, а выпісала рэцэпт на ўкраінскі парацэтамол за 2 рублі. 

– Я бачыла па дзіцяці, што яму горш, ставіла свечы, збівала тэмпературу, але пасля абеду стала зусім кепска. Вядома, я той доктарцы званіць не стала: адразу ў хуткую. Доктар хуткай з парога сказаў: "Збірайцеся, падазрэнне на пнеўманію". Зрабіў нейкі ўкол ад тэмпературы, і мы паехалі ў бальніцу ў Нясвіж. У машыне дзіця ўжо пачало трохі ўсміхацца, гуляцца з тымі кропельніцамі, што былі ў салоне, кісларод яму далі. Доктар быў упэўнены, што дзіця адпусцяць дадому на наступны дзень, – расказвае далейшы ход падзей жанчына.

У бальніцы Нясвіжа, кажа яна, дактары працавалі надзвычай марудна.

–  Пакуль яны вырашалі, што і куды… Схадзілі на здымак, зрабілі аналізы. Але мне ні слова ніхто не казаў: неяк усё цішком, каб ніхто не чуў. Якія лейкацыты? Які гемаглабін? Я не ведаю! На мае пытанні не адказвалі. У рэанімацыі яму прачысцілі нос, медсёстры, што мяне супакойвалі, расказвалі, што нічога там звышнатуральнага не знайшлі, гною не было. Значыць, не пнеўманія?

Пачалі казаць, што гэта ў сына лейкемія. І вось далей ужо пытанні: а што яму давалі? Я не ведаю, што калолі: мне не казалі. Але нашы знаёмыя ў бальніцы кажуць, што яму ўкалолі "нешта антыімуннае", што добра пры лейкеміі, але забівае імунітэт.

У выніку доктар выйшаў з рэанімацыі і сказаў чакаць – маўляў, яны выклікалі дактароў з Салігорска. Чаму з Салігорска? 

Бо там адзіная дзіцячая рэанімацыя на некалькі раёнаў. Калі камусьці ў Слуцку кепска, напрыклад, то яны туды, а потым назад. Калі выклікалі той рэанімабіль, здаецца, яшчэ не было 23 гадзін, а прыехаў ён з Салігорску ў тры ночы! – зрываецца на плач жанчына. 

Яна кажа, што недзе паўгадзіны салігорскія медыкі знаходзіліся ў бальніцы. 

– Я чула, як доктар на калідоры гаварыў з кімсьці па тэлефоне пра нас, і там былі такія словы, маўляў: "Я так разумею, у Мінску дзіця вам не трэба?". Пасля гэтага сына забралі ў салігорскую машыну. Сказалі, што мяне не возьмуць з ім, і мне, маўляў, трэба самой быць ужо заўтра раніцай у Мінску, бо сына, найхутчэй, павязуць з Салігорска ў мінскую анкалогію, – кажа жанчына. 

У 6:15 раніцай, калі бацькі выправіліся ў Салігорск, каб разам з сынам ехаць у Мінск, ім пазванілі з хуткай і сказалі: "Прыміце спачуванні".

Жанчына сцвярджае, што машына да таго часу яшчэ не даехала да Салігорска, таму цела сына павезлі назад. 

– Я сваю віну адчуваю, бо не прадбачыла гэта ўсё, паслухала таго тэрапеўта. Але і незразумела, што нашаму дзіцяці рабілі, чаму ўсе маўчаць? Нам расказваюць цяпер, што наша амбулаторная картка актыўна "рэдагуецца", каб усё прывесці да ладу, кажуць, што з'яўляюцца там прышчэпкі розныя. Я хачу, каб было празрыстае разбіральніцтва, – кажа Алена. 

Яна паказала даведку аб смерці, дзе прычынай значыцца "прыроджаная інфекцыйная ці паразітарная хвароба, недакладна".

– Дык а чаму нам тады казалі ехаць у Бараўляны? Чаму быў папярэдні дыягназ – анкалогія? Што яны давалі сыну, каб тую "анкалогію" лячыць? – задаецца пытаннем жанчына. 

– Ніякіх прыроджаных хваробаў у нас не было – з раддома выпісалі з жаўтушкай. Адзінае, што ў мяне перад родамі быў трохі паніжаны гемаглабін і ў яго, адпаведна. Зрэшты, калі я нараджала, то там яшчэ тая гісторыя была – 8 вонкавых швоў і 3 унутраных. Словам, сына мой з болем даўся, з болем і забралі, – плача Алена.

Па інфармацыі "Нашай Нівы", тэрапеўт, якая высоўвала першапачатковую версію пра зубы, узяла на рабоце тэрміновы адпачынак. Яна ўжо знаходзіцца не ў Снове, а ў сваякоў у Маскве. Пра яе метады работы гучаць розныя меркаванні, сноўцы адгукаюцца не вельмі пазітыўна.

У бальніцы Нясвіжа здарэнне пакуль не каментуюць, спасылаючыся на тое, што доктар, які праводзіў тэрапію, знаходзіцца на выходным пасля некалькіх запар зменаў.

Намесніца галоўнага доктара Галіна Сікірыцкая папрасіла звяртацца пасля святаў.

Ад чаго дзіця магло "згарэць" за дзень і ці маглі ўкалоць яму нейкае "антыімуннае", як мяркуюць бацькі. Пра гэта мы запыталіся ў медыкаў з абласной дзіцячай анкалогіі.

– Найперш, тут дзіўная даведка аб смерці. Канешне, хай яна папярэдняя – бо нейкую ім павінны былі выдаць для пахавання, а дыягназ можа ўдакладняцца — але чаму не выдалі паперы аб выніках ускрыцця? Хай бацькі гэтыя паперы патрабуюць.

Далей, у колькі выехала рэанімацыя з Нясвіжа ў Салігорск? Хай у 4 гадзіны раніцы. Але калі смерць адбылася а шостай раніцы, чаму ў пасведчанні месцам смерці значыцца Нясвіжскі раён?

А што да лейкозу, то ад яго дзіця не згарыць за суткі… Можа быць менінгіт, але ён дыягнастуецца проста.

Мне здаецца, што дзіця тут проста "ўпусцілі", хай бацькі звяртаюцца ў органы для правядзення праверкі, – сказаў нам доктар.

– Гісторыя пра ўкол "антыімуннага" малаімаверная, – мяркуе ён. – Бо калі ёсць падазрэнні на лейкоз, то дзяцей, асабліва такіх малых, накіроўваюць у РНПЦ анкагематалогіі, дзе праводзяць пункцыю касцявога мозгу, даследаванні спінна-мазгавой вадкасці і іншае.

У прынцыпе, у Нясвіжскай бальніцы не можа быць такіх лекаў, бо імуннасупрэсіўная тэрапія праводзіцца ў нас. У такіх выпадках задача няпрофільных дактароў – гэта толькі зніжэнне тэмпературы і падтрымка жыццёва важных органаў. Але, зрэшты, уколы могуць быць розныя, як і рэакцыя на іх – трэба ведаць, якія ў яго былі аналізы і якія давалі лекі. Патрэбна праверка, – сказаў нам доктар. 

– Мы з гэтым сутыкнуліся ўпершыню, што да чаго не ведаеш, давяряеш жыццё дактарам, думаеш, усё добра, – падсумоўвае Алесь, бацька Арцёма.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце