Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -5° Маладзечна
Вілейка -6° Вілейка
Смаргонь -5° Смаргонь
Ашмяны -5° Ашмяны
Валожын -4° Валожын
Мядзел -7° Мядзел
Астравец -5° Астравец
Гісторыя
Мядзел
17.01.2018 13:36 ,AЎТАР(Ы): Алег РОЎДА

Не дажыла да перамогі, не дачакалася сына з савецкага лагера: жыхар Краснаярска прыгадвае прабабулю з Крывічоў

Алег Роўда на магіле прабабулі ў Крывічах

Алег Роўда на магіле прабабулі ў Крывічах.

Дзень добры! Пішу вам з Расіі, з горада Краснаярска. Але мая гісторыя пра Крывічы, што на Мядзельшчыне. Гэта гістарычная радзіма майго бацькі, бабулі і прабабулі.

Адзначаў Каляды, разглядаючы старыя здымкі

Ноч напярэдадні Калядаў кожны адзначае па-свойму. Адны ідуць у царкву, іншыя застаюцца дома і віншуюць адзін аднаго са святамі праз тэлефонныя званкі, смс-паведамленні, сацыяльныя сеткі.

А я ўвечары вырашыў перабраць каробку са старымі фотаздымкамі, якія забраў неяк з лецішча роднай цёткі.

Справа ў тым, што восем год таму я адшукаў родных па мамінай лініі ў Чувашыі і па бацькавай лініі ў Беларусі. Пошукі ў архівах і праз сацыяльныя сеткі далі добрыя вынікі.

Характарыстыка бабулі Алега.

Характарыстыка бабулі Алега.

Дзякуючы архівам, сустрэчам і размовам са знойдзенымі сваякамі з Беларусі ў 2011 годзе ў мяне атрымалася адшукаць магілу маёй прабабулі на старых могілках у Крывічах.

Вядома, што яна памерла 3 сакавіка 1944 года ва ўзросце 63 гадоў. Чатыры месяцы не дажыла да вызвалення Крывічоў ад фашыстаў.

Лёс у прабабулі быў няпросты. Яе старэйшы сын даведаўся пра смерць маці толькі ў 1951 годзе, калі яго вызвалілі з лагера і накіравалі на пасяленне ў Краснаярск.

Дачка – мая бабуля – у 21 год засталася адна на руках з аднагадовым дзіцем –  маім бацькам Чаславам Роўдам. У 1953 годзе яна пераехала да брата ў Краснаярск.

Як папоўніўся сямейны фотаархіў

У мяне ў архіве ёсць фотаздымкі ўсіх гэтых сваякоў. Да нядаўняга часу не было толькі здымка прабабулі Ганны. Наколькі я ведаў, яе фотаздымка не захавалася ні ў кога з радні.

І вось, перабіраючы ў перадкалядны вечар старыя здымкі, дзе было шмат фота маёй бабулі ў 1960-х гадах ужо краснаярскага часу, я знайшоў адзін стары пацёрты здымак. На ім – жанчына, вельмі падобная да маёй бабулі.

Сэрца ў гэты момант закалацілася. Я зразумеў, што, хутчэй за ўсе, вось ён, адзіны здымак прабабулі Ганны. Гэты фотаздымак сваёй маці захавала бабуля з 1920-1930-х гадоў.

Параўноўваючы жанчыну на фотаздымку з бабуляй, я зразумеў, што яны вельмі падобныя. Раніцай я адправіў здымкі цётцы і траюраднай сястры, каб тыя паглядзелі і параўналі. Сястра адразу напісала, што жанчыны вельмі падобныя, хоць стары фотаздымак быў моцна пашкоджаны.

Жанчыны на двух фотаздымках вельмі падобныя, лічыць Алег і яго сваякі.

Жанчыны на двух фотаздымках вельмі падобныя, лічыць Алег і яго сваякі.

Пасля я патэлефанаваў сваёй цётцы Любе з пытаннем: ”Гэта ж мая прабабуля Ганна?”. Цётка пацвердзіла, што гэта сапраўды яна. Сказала, што бабуля захоўвала ў Краснаярску гэты адзіны фотаздымак з Крывічоў.

Цяпер наш дамашні архіў і дрэва жыцця папоўніцца яшчэ адным фотадакументам. А пасля рэстаўрацыі здымка я планую заказаць таблічку і адвезці яе на гістарычную радзіму ў Беларусь, у Крывічы, дзе на старых могілках спачывае мая прабабуля Ганна Гурновіч (1881-1944).

Фотаздымкі забяспечаныя Алегам Роўдам.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце