Прэм’еры новага года
Маладзечна, Aўтар: Аляксандр ПЫЦЬКО, 6.02.2010. 07:30
Прэм’ера сцэнічная адбудзецца 12 лютага. Абласны драматычны тэатр ужо не першы год падтрымлівае творчыя сувязі з Гомельскім гарадскім моладзевым тэатрам. Гэтыя сувязі традыцыйна складаліся з абменных гастроляў, а ў 2008 годзе гамяльчане запрасілі маладзечанцаў удзельнічаць у X Міжнародным фэсце тэатральнага мастацтва “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. І не выпадкова, што свой спектакль “Не судзімы будзеце…” па п’есе Януша Главацкага маладзечанцы прадставілі менавіта на фестывальнай сцэне Гомельскага гарадскога моладзевага тэатра.
Тады ж паўстала ідэя “абмену рэжысурай”, якая зараз паспяхова ўвасабляецца ў жыццё. Мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра Юры Вута ажыццявіў з трупай Гомельскага гарадскога моладзевага тэатра пастаноўку вядомай камедыі Фрэнсіса Вэбера “Вячэра з дурнем”. А ў чэрвені мінулага года ўжо маладзечанцы атрымалі “зваротны” творчы падарунак: дырэктармастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога моладзевага тэатра, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Чэпелеў паставіў на маладзечанскай сцэне камедыю Сомерсета Моэма “Верная жонка”.
І вось новая старонка ў плённым супрацоўніцтве двух тэатраў. У лютаўскай афішы маладзечанцаў – прэм’ера іскрамётнай камедыі Рэя Куні “№13”, якую на сцэне абласнога драмтэатра зноў ставіць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Гомельскага моладзевага тэатра Віктар Чэпелеў, а мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага Юры Вута ў хуткім часе накіроўваецца ў Гомель, для пастаноўкі спектакля на сцэне гарадскога моладзевага тэатра. Што тычыцца непасрэдна маладзечанцаў, то ў лютаўскай афішы МАДТа для іх падрыхтавана многа цікавага. Акрамя прэм’ернага спектакля “№13”, іх чакае шэраг камедыйных пастановак: “Верная жонка”, “Камедыя”; да таго ж драматычны тэатр імя Івана Мележа з горада Мазыра пакажа камедыю “Каханне ў стылі барока” . А да Дня закаханых тэатр падрыхтаваў шыкоўны канцэрт, у якім спяваюць драматычныя артысты “Опять метель…”.
Аляксандр ПЫЦЬКО.

RSS
Паслаць камэнтар