Прэзентацыя кніг мясцовых аўтараў
Вілейка, Aўтар: Марына Сліж, 6.02.2010. 08:28
Аўтар кнігі "Ходзіць вёскамі сіняе лета" Уладзімір Кажамяка.
Вядучая Зінаіда Крупская.
Пісаць Марыя Томкавіч пачала ў 16 гадоў. Зпад яе пяра выходзяць як вершы, так і проза.
Роза Шэрая вынесла на суд чытачоў тры п’есы.
У гэты ж дзень прысутныя пазнаёміліся з літаратурным альманахам “Адчыні сваё сэрца”, аўтарамі якога сталі Марыя Томкавіч, Роза Шэрая, Уладзімір Кажамяка, Зінаіда ГубараваКрупская.
“Ходзіць вёскамі сіняе лета”
Аўтар гэтай кнігі педагог-краязнаўца з Ільі Уладзімір Кажамяка. А вядзе ён у ёй аповед пра людзей і мясціны роднага краю, багатыя сваёй гісторыяй, цікавымі постацямі і маляўнічай прыродай. Галоўныя героі гэтай кнігі – вёскі Вілейшчыны і яе жыхары. Якія, хочам мы таго ці не, паціху сыходзяць у нябыт. І, калі ў бліжэйшы час нічога не зменіцца, вёскі могуць знікнуць наогул – са сваімі звычкамі, традыцыямі, сцежкамі і лугамі.
“Калі вам захочацца добрым часам павандраваць і калі вы вельмі любіце лес і ўвогуле прыроду, а яшчэ цікавіцеся гісторыяй роднага краю і хочаце глыбей сягнуць у краязнаўства, каб быць шчаслівейшымі, тады прыязджайце да нас у Ілью ці ў Адамавічы, ці ў Капусціна, Забар’е, Восцікавічы, Абадоўцы, у іншыя вёскі, што побач з Ільяй, – піша ў сваім нарысе “Лясная мая старонка”, які і адкрывае кнігу, Уладзімір Кажамяка.
– Куды ні глянеш – тут усюды лес, куды ні пойдзеш – абавязкова патрапіш на нешта незвычайнае, непаўторнае, нават здзіўляючае”. Разам са сваімі гурткоўцамі, а працуе аўтар выкладчыкам у Ільянскім саўгасетэхнікуме, абышоў амаль усе навакольныя вёскі.
– Блукаючы па іх, размаўляў з жыхарамі, занатоўваў цікавыя гісторыі. Большасць з іх і пакладзеная ў вышэй названае выданне. “Уладзімір Сцяпанавіч жыве ў руху, – сказала вядучая імпрэзы Зінаіда ГубараваКрупская, – ён ніколі не сядзіць на месцы. Заўсёды ў пошуку, сярод людзей, якіх, дарэчы, умее вельмі добра слухаць. І сам напаўняецца мудрасцю і напаўняе ёй чытача”.
Аўтар даўно пачаў цікавіцца краязнаўствам і пісаць на гэту тэму артыкулы, нарысы, эсэ, якія публікаваліся ў студэнцкай газеце, у мясцовым друку, у “Краязнаўчай газеце”. “Асабіста для мяне ўсё пачалося з “Куфэрка Віленшчыны”, – расказвае Уладзімір Кажамяка, – дзе былі змешчаныя мае нарысы “Там за лесам” і “Янка помніць Алеся”.
Па словах рэдактара часопіса Міхася Казлоўскага, які пісаў прадмову да кнігі і прыехаў на яе прэзентацыю, “праспяваныя сэрцам, удумліва і з душой, яны на самой справе з’яўляліся лепшымі публікацыямі выдання”.
“Адчыні сваё сэрца”
У альманаха “Адчыні сваё сэрца” чатыры аўтары: Марыя Томкавіч, Роза Шэрая, Уладзімір Кажамяка і Зінаіда ГубараваКрупская. Марыя Томкавіч нарадзілася на Мядзельшчыне. Але ўжо 38 гадоў жыве ў Вілейцы. Пісаць пачала з 16 гадоў.
Кажа, што кожны яе верш, а зараз і проза, гэта абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй. Расказ “Ганьчына зорка”, змешчаны ў альманаху, яна прысвяціла матуліРоза Шэрая – родам з Ільі. У мястэчку яе ведаюць як стваральніцу літаратурнага музея, а яшчэ чалавека – што піша вершы і прозу. На гэты раз на суд чытачоў жанчына вынесла тры п’есы для школьнага тэатра: “Шлях да навукі” (прысвечаная дзяцінству Змітрака Бядулі), “Страцім – лебедзь” (пра сяброўства Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча).
Трэцяя п’еса пра дзяцінства Янкі Купалы і называецца “З былога”. “Я дзесяць год працавала ў Ільянскай школе піянерважатай, дзесяць год педагогамарганізатарам, – расказвае Роза Шэрая. – Літаратуры педагагічнай тады было мала, мерапрыемстваў – шмат. Прыходзілася садзіцца і штосьці ствараць самой. Каб было цікава дзецям, каб не сорамна было паказаць калегам.
За жыццё назбіралася вельмі шмат матэрыялу. З яго і “ствараюцца” п’есы. А наогул, сябе нейкім важным аўтарам не лічу. Я проста пішу”.На свята да віляйчанаў прыехалі ў гэты дзень і сябры літаратурнай суполкі імя Адама Гурыновіча з Ільі, а таксама аднадумцы з літаратурнага аб’яднання “Агмень”, што ў Маладзечне. Для ўдзельнікаў імпрэзы спяваў вілейскі бард Алесь Наркевіч. Вяла мерапрыемства Зінаіда ГубараваКрупская, работы якой таксама ўвайшлі ў літаратурны альманах “Адчыні сваё сэрца”.
Марына СЛІЖ.
Фота Ігара МАРОЗА.
Спявае Алесь Наркевіч.

RSS
Паслаць камэнтар