Пасол у гасцях у гімназістаў
Маладзечна, Aўтар: Яна ТОНКАВІЧ, 8.02.2010. 15:26
Намеснік кіраўніка місіі пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар (у цэнтры) са сваёй жонкай 3 лютага завітаў у маладзечанскую гімназію №10. Фота Яны ТОНКАВІЧ.
У сераду, 3 лютага, у Маладзечна разам са сваёй жонкай завітаў намеснік кіраўніка місіі пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар.
У гэты ж дзень у цэнтральнай бібліятэцы ў аддзеле замежнай літаратуры адбыўся майстар-клас па нямецкай мове для настаўнікаў гарадскіх і раённых школ. Праводзіла яго другі сакратар пасольства ФРГ, кансультант па нямецкай мове, каардынатар праграмы “Школы - партнёры будучага” Катарына Ланге. Яна ў нашым горадзе чацверты раз.
У Беларускай хатцы гімназісты паказалі добрае веданне нямецкай мовы.
Падчас сустрэчы ў гімназіі.
Пэтэр Дэтмар паказвае маладзечанскім школьнікам кнігі, якія любіў чытаць у дзяцінстве.
Другі сакратар пасольства ФРГ, кансультант па нямецкай мове, каардынатар праграмы “Школы - партнёры будучага” Катарына Ланге ў час семінару. Заўсёды добры настрой!
Петэр Дэтмар спачатку наведаў бібліятэку, дзе яго сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Людміла Канановіч, загадчык аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Рамановіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Страх, а пасля накіраваўся ў гімназію №10.
Там яго ўжо чакалі ў Беларускай хатцы - нацыянальным музейчыку, створаным сумеснымі намаганнямі настаўнікаў і вучняў. На пачатку гэтай сустрэчы гасцям быў паказаны відэафільм пра гімназію на нямецкай мове.
Пасля Барыс Вайцяхоўскі, настаўнік і былы дырэктар школы, прапанаваў усім бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай. Дзяўчынкі, што займаюцца ў клубе аўтарскай песні, выканалі народную песню “Купалінка”, а вучні дзесятых класаў расказалі пра культуру і звычаі беларусаў, пра іх ўклад і традыцыі, пра нацыянальнае адзенне і нават пра лапці.
Слухаць было цікава яшчэ і таму, што ў нашай “хатцы” гэта ўсё можна пабачыць. Напрыклад, Марта Дзігілевіч, расказваючы пра “чырвоны куток”, сапраўды стаяла ў гэтым кутку, стылізаваным, з іконамі, ручніком, каласамі. Спадару Дэтмару вельмі спадабалася выступленне нашых вучняў, здзівіў яго і добры ўзровень валодання мовай, з чым ён іх і павіншаваў.
Наша гімназія ўжо 20 год супрацоўнічае з гімназіяй Шэльцтар ў горадзе Эслінген. Аб тым, што найбольш уразіла і запомнілася, спытаўся пасол у тых вучняў, якія ездзілі туды па абмене. Дзмітрый Зязюлькін і Анастасія Паўловіч расказалі, як яны жылі ў нямецкай сям'і, пра сам горад, што знаходзіцца на поўдні Германіі ў гарыстай мясцовасці, схілы якой пакрытыя вінаграднікамі. Вельмі важным для іх было тое, што ў сям'і, падчас заняткаў і ў вольны час яна маглі размаўляць са сваімі сябрамі на нямецкай мове.
Петэр Дэтмар падкрэсліў, што гэта партнёрства вельмі важнае, што яно адыгрывае вялікую ролю ў развіцці міжнародных адносінаў. Ён прытрымліваецца думкі, што сучаснае пакаленне павінна ведаць сваіх замежных равеснікаў, умець усталёўваць кантакт. Спачатку ўзаемапаразуменне паміж моладдзю, пасля - паміж народамі. Гэта і можна назваць міжнародным сяброўствам.
Пасол спытаўся, ці не хочам мы пра што-небудзь ад яго даведацца. Першым адважыўся задаць пытанне самы маленькі вучань пачатковай школы. Ён папрасіў расказаць госця пра яго родны горад. І той паспрабаваў адказваць на рускай мове сам, без дапамогі перакладчыка. Апавядаў пра сваю вёску, дзе нарадзіўся, пра школу, якой больш за 450 гадоў, пра тое, як трапіў сюды, у Беларусь.
Па словах Петэра, ён вельмі хацеў трапіць у нашу краіну, бо яму вельмі падабаецца культура ўсходнееўрапейскіх краін, іх гісторыя. І вельмі рады, што мае магчымасць знаёміцца з усім гэтым не толькі па падручніках. Шкадуе, што пакуль не авалодаў мовай. Бо толькі калі разумееш мову народа, можна зразумець яго душу.
Напрыканцы гэтай шчырай сустрэчы Петэру Дэтмару падарылі сувенір у выглядзе сэрца, зроблены з саломкі рукамі нашых вучняў. І сказалі: “Трымайце гэта сэрца - сэрца нашай гімназіі”.
Яна ТОНКАВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.
Фота Таццяны ЛЕТУНОВАЙ і Яны ТОНКАВІЧ.

RSS
Паслаць камэнтар